Потым колы заляскаталі паўз хату, па паплаўцу за ёю, па беразе старыка.
А потым вазок знік.
Леановіч нахіліўся над вадой і спакойна сплюнуў у раку недакурак сігаркі.
Тонкі нясцерпны звон напоўніў вушы Горава. Ён мацнеў, мацнеў. Адчуваючы, што прытомнасць знікае кудысь, Гораў варухнуў непаслухмянымі вуснамі. Голас, на яго здзіўленне, быў моцны і звонкі.
I тады, ступіўшы крок наперад, Гораў выразна адчаканіў:
– Капітан Пора-Леановіч, вы нягоднік.
Леановіч рэзка павярнуў галаву, адарваўся ад парэнчаў. Яго халодныя вочы з цікавасцю разглядалі Горава.
– Гораў, вы забыліся на туз, – холадна сказаў ён.
– Вы падлюга і нягоднік, – сказаў Гораў.
– На тры крокі…– іранічна сказаў Леановіч. – Каб разбэшчаная знатнасць не абражала нявіннасці і чысціні.
I раптам пасур’ёзнеў, на гладка выгаленых шчоках набраклі каменныя жаўлакі.
– Што ж, гэтым рана ці позна павінна было скончыцца. Мы занадта перашкаджалі адзін аднаму… Зайдзіце ў хату, вазьміце стрэльбу і чакайце мяне на сцежцы ў Турск, ля вярбы.
Я вас даганю… Раю ўлічыць: мы ідзём на сяброўскае паляванне. На качак.
I спакойна павярнуўся да Горава спінай. Нават не паглядзеў на яго, калі той накіраваўся да хаты…
…Яны ішлі поруч, як сябры. Ніхто, нават вартавы ля пераправы цераз старык, не мог бы падумаць, што гэта не ўчарашнія прыяцелі, а ворагі. Леановіч дружалюбна падтрымаў Горава, калі яны ішлі кладкай.
Хата паромшчыка знікла за густымі вербамі, пад якімі ляжаў старык. Хлюпаючы балотнымі ботамі, яны ішлі далей і далей у лугі. А над імі вісела шэрае нізкае неба.
– Пойдзем да Камарына. Там зручней.
Камарынам зваўся другі старык, другое старое рэчышча Дняпра – доўгае і вузкае возера ў лугах. Яго здалёк адзначалі цёмна-зялёныя шапкі дубоў. Гораву было ўсё адно, куды ісці, ён ведаў, што гэта яго апошняя дарога, і таму ён згодна кіўнуў галавой.
Пора-Леановіч са спакойнай усмешкай сказаў:
– Біцца будзем без секундантаў. На гонар. У ваенны час за такую справу, якой мы хочам заняцца, пагражае цытадэла. Таму – той, каму пашанцуе забіць другога, не павінен шматслоўна гаварыць пра дуэль, або, як казалі продкі, двабой. Забітага – на інсургентаў.
Гораў прагна дыхаў вільготным паветрам, тым паветрам, якое ў дні жніўня выразна прадчувае раскошную цёплую восень.
Крычалі кнігаўкі, малілі аб вадзе, хоць яе досыць было на залітых лугах. I іхні енк аддаваўся недзе глыбока пад сэрцам.
– Пі-іць, пі-ць, – крычала адна, але Гораву здавалася, што гэта яна ў смяротнай скрусе плача «жы-ыць, жы-ыць».
Няўжо можна проста хадзiць па лугах, не думаючы, што чакае смерць? Вось качка ўзнялася з сiтнягоў, паказала рабое брушка. Напэўна, сэрца яе абарвалася ад жаху, калi яна ўбачыла за спiнамi людзей трубкi, што вывяргаюць полымя i смерць. Адкуль ёй было ведаць, што людзi занятыя больш важнай справай.
– У вас правая не ў парадку. Не пужайцеся, я таксама буду левай.
– Я