Неруш. Віктар Казько. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Віктар Казько
Издательство: Электронная книгарня
Серия:
Жанр произведения: Современная зарубежная литература
Год издания: 2016
isbn: 978-5-340-00518-2
Скачать книгу
адмахнуўся ад яго:

      – Залезе, закапаецца, мы яму не дапаможам. Прышлём трактар. Рушылі.

      I яны рушылі. I адразу за мосцікам, за аб'ездам, Мацвей адчуў, што пачаўся ўжо Княжбор, хаця яго і не відаць, і не чуваць было. Не відаць было і загонаў, дзялянак, мільганула толькі між чорных вольх, шэрых дубоў, асветленых сонцам бяроз прасла, мільганула і згубілася, знікла, каб праз крок-два выбегчы да самай дарогі: дзень добры, блудны сын, гэта твая бацькаўшчына, вось яе пачатак. Княжбор гэтым праслам пазначыў свае ўладанні, свае межы. I гэта нічога, што шэрыя і чорныя ад часу, ветру і дажджоў жэрдкі даўно ўжо спарахнелі і паламаны нават. Галоўнае – жэрдка працягнута і слупкі стаяць, лазою перавітыя, нераўня, канечне, яны тым, пагранічным слупам. Але ўсё ж уладарны герб Княжбора нябачна ёсць і на іх, прыкладзена была да іх сялянская рука, і яна перасцерагае: не чапай, не пераступі з благой думкаю, гэта наша, гэта мы. Тут мы жылі, жывём і будзем жыць вечна. I яшчэ адным знакам гэтага іх жыцця была пазначана зямля – могілкамі, павязана сцежкамі, абкружана сцяжынкамі, ледзь прыкметнымі, што пратоптаны зусім нядаўна, і глыбокімі, даўнімі, выбітымі, сходжанымі да белага пяску. I гэтыя сцежкі і сцяжынкі, могілкі ўголас уводзілі ў вушы Мацвею: Княжбор, Княжбор, Княжбор.

      I як бы яшчэ раз сцвярджаючы гэта, Мацвей адразу ж за могілкамі ўбачыў валоў, што лена валюхаліся па схаваным за кустамі полі, пачуў голас, які падганяў іх:

      – Цоб, цоб-цабе, ваўкарэзіны.

      Мацвей з Шахраем падышлі да поля. Аркадзь Барздыка – Мацвей пазнаў яго адразу – абганяў бульбу.

      – Дзень добры, бог помач вам! – бадзёра павітаўся з Барздыкам Шахрай. Мацвей таксама хацеў сказаць нешта добрае, але перахапіла голас.

      – Дзень добры, начальнікі,– панура і неахвотна азваўся Барздыка, мімаходам зыркнуў толькі на Шахрая, як усё роўна і не стаяў побач з ім ён, Мацвей. I Мацвей разгубіўся і пакрыўдзіўся, нібыта ён ехаў толькі дзеля таго, каб сустрэцца з Барздыкам. I той сустрэў яго, але прызнаць не пажадаў. Але крыўда і разгубленасць зніклі імгненна, як і з'явіліся: над'ехаў да іх і спыніўся газік. I Мацвей зразумеў, што ён адвык ад Княжбора. Не Барздыка забыў аб ім, а таму і не прызнаў: ён забыўся пра Барздыку, свайго аднавяскоўца.

      Княжборцу, а асабліва Барздыку, кожны чалавек, кожны гараджанін, які вось так вольна крочыць у такі гарачы час па дарозе – начальнік, а калі ў яго яшчэ партфель ці, горш таго, ён яшчэ і пры машыне – вялікі начальнік. I аб чым яму гаварыць з гэтым начальнікам – каб хлебам, сенам ці дрывамі дапамог, не дапаможа. Ці ж варта тады зубы выскаляць, языком мянціць, марна траціць час. Вунь якое ў яго поле, пакуль сонца не зойдзе, трэба ж управіцца з ім, абагнаць кардоплю. I стаіць ён зараз перад імі, начальнікамі, як валы яго стаяць, глядзяць у зямлю, жуюць жвачку, чакаюць каманды паганятага. Панукне ён іх, напнуць яны хрыбціны, худыя і ў гноі яшчэ зімовым азадкі, крануцца і пабрыдуць. Барздыка, Мацвей разумее гэта, знарок не глядзіць на яго, і на Шахрая не глядзіць, утаропіўся ў зялёныя шаты маўклівых дубоў. На голле дубоў ужо сіненька прыпадае вечар, змрок спаўзае