У гожым твары Тэадорыха нешта зыначылася.
– Табе я веру, як самому сабе. Ты не выдасі.
– Вось гэта праўда, – цяжка варочаючы языком, азваўся лекар. Збан не слухаўся ягоных рук, і мёд ліўся на стол, расплываючыся цёмнымі плямамі.
Неўзабаве лекар апусціў голаў на рукі і, здавалася, заснуў. Тэадорых уважліва паглядзеў на яго. Але раптам кастапраў прахапіўся, павёў вакол асавелымі вачыма і, аберуч прыціскаючы да жывата парожні збан, пабрыў да дзвярэй. Каля печы ён пахіснуўся і, выпусціўшы пасудзіну з рук, ухапіўся за канявы слуп. Паспрабаваў ускараскацца на палаткі, ды не змог – забурыўся проста на чарапкі і імгненна захроп.
Даволі доўга ў хаце быў чуваць адно густы храп з прысвістам.
– Кароль Вальдэмар памрэ, – напаўголаса загаварыў пасланец біскупа. – Бог выбраў мяне, свайго слабога слугу, і даў мне сілы, каб я ўчыніў суд. – У ягоных вачах загарэўся ліхаманкавы бляск. – Кароль памрэ, і яго забудуць, бо тут будуць наша вера і наша ўлада. А слава пра нас, Божых слуг, дойдзе да нашчадкаў. Дзеля гэтага я пакінуў сваю радзіму, дзеля гэтага жыў сярод ворагаў і гаварыў на іхняй мове.
Перахрысціўшыся, ён наблізіўся да лекара і некалькі імгненняў глядзеў на насаты твар з адкрытым ротам. Па шчацэ ў Дзітрыха паўзла муха.
Недзе паблізу вылі сабакі.
7
У першую нядзелю па Вялікадні на полацкім кірмашы ўдава рыбака Агафія, кінуўшы на прылаўку рашоты з пячыстамі, як каршун наляцела на рослага сухарлявага чалавека з дарожнаю кайстраю на плячы. Той спрабаваў бараніцца кульбай, ды раз’ятраная баба прыціснула яго да зямлі сваім мажным целам і не адпусціла, пакуль не падбеглі пасаднікавы цівуны. Спярша людзі рагаталі з неспадзяванае пацехі і пад’юджвалі ўдаву, але яна на паў-Полацка ўсчала лямант, што гэты чалавек зарэзаў запалоцкага каста права Данілу. Удава бажылася, што праз шчыліну ў плоце бачыла ліхадзея на Данілавым падворку перад той самай ноччу, калі душа лекара адляцела ў рай.
Сёй-той з кірмашнікаў пазнаў у злоўленым чалавеку аршанскага майстра Богуша. На роспыце аршанец лаяўся і крычаў, што ў Агафію ўсяліўся чорт. Калі ў роспытнай хаце на дзядзінцы кат прыпаліў Богушу ступакі, той усё роўна стаяў на сваім. Раззлаваны кат адцяў аршанцу мезенік на левай руцэ. Богуш адно стаў яшчэ страшней лаяцца, праклінаючы ўдаву самымі вусцішнымі праклёнамі. Тады пасаднік загадаў распаліць і прыкласці Богушу да лоба каменную плітку з аленем, якую знайшлі ў аршанца ў кайстры. Пачуўшы гэта, Богуш увесь закалаціўся і, не стрываўшы страху перад новым катаваннем, прызнаў сябе нямчынам з Рыгі.
Каб не смярдзела паленым, нямчына абкурылі на двары сухой мятай, і цяпер ён, прываліўшыся да сцяны, сядзеў на падлозе ў шырокіх і светлых княжых сенях. У дзвярах застылі два лучнікі, гатовыя па першым знаку выпусціць стралу.
Валодша кагадзе вярнуўся з ратнае забавы і быў у кальчузе і з мячом на поясе. Апроч нязменнага Віславуса ў сенях сядзелі таксама пасаднік