Твар госця асвятліла змрочная радасць.
– Вось гэта ўмацуе ягоную нянавісць. – Ён дастаў з кайстры важкую торбачку і высыпаў на стол залатыя манеты.
– Я сказаў не ўсё. Баярскі сын не асмеліцца падняць руку на князя. Але калі б…
– Калі б што? – нецярпліва выгукнуў Тэадорых.
– Калі б ягоны бацька памёр… Дзітрых думае, тады Міхайлаў сын адважыцца.
– Няхай баярын памрэ, – сказаў госць.
– Дзітрых будзе гаварыць з чалавекам, які носіць Міхайлу хлеб і ваду…
– Не шкадуй золата. Ты атрымаеш удвая больш. – Госць кіўнуў на рассыпаныя на стальніцы манеты.
– Я і цяпер сказаў не ўсё.
Тэадорых здзіўлена і зласліва падняў бровы.
– Дзітрых не такі вучоны чалавек, як ты, і не ўмее гаварыць так складна. Але ён думае, што трэба пачакаць. Кароль Вальдэмар збіраецца ваяваць з літоўскімі паганцамі. Мы вылечым караля, калі ён вернецца. Літоўцы таксама ворагі Рыгі.
Вусны ў Тэадорыха скрывіла пагардлівая ўсмешка.
– I ты паверыў у гэтую казку для немаўлятаў? Кароль Вальдэмар таемна пасылаў да літоўцаў сваіх ганцоў. Мо твая галава думае, ён хацеў папярэдзіць, каб чакалі ў госці? Га-га-га… Кароль даўно прагне ісці на Рыгу. Ледзь не кожны дзень ён прымае нейкіх паслоў. Богу дагодна адправіць яго ў пекла цяпер. Адно скажы баярскаму сыну, што атруту трэба даць у дзень выхаду ў паход. Не раней.
Лекар глядзеў на госця прысаромлена, але непаразумела.
– Ты ўпраўляеш косці лепей, чым варушыш сваімі старымі глуздамі. Калі кароль памрэ ў гэты дзень, мы зможам абвясціць усяму свету, што сам Усявышні пакараў яго за злачынства, задуманае супраць царквы. I гэта будзе праўда, бо ўсе мы ў руцэ Гасподняй. Храніст біскупа Генрых пакіне памяць пра гэта людзям, што будуць жыць тут праз стагоддзі, калі ўвесь гэты край даўно будзе нашым.
Вочы ў начнога госця апантана гарэлі.
– А зараз памолімся, каб не забывала нас у нашых клопатах Дзева Марыя.
Тэадорых апусціўся на калені. З бояззю паглядаючы на госця, лекар укленчыў побач.
5
А трэцяй гадзіне ад усходу сонца Валодша і ваявода Віславус прымалі ў княжай палаце паслоў з Герцыкі.
Колькі гадоў таму, здабыўшы бліжэйшы ад Рыгі Куканос, біскуп Альберт на чале вялікага войска падступіў да Герцыкі, дзе сядзеў Усевалад з роду Рагвалодавічаў. Крыжакі прыйшлі помсціць за вернасць Полацку, за тое, што Усеваладава дружына няраз шкуматала Лівонію. У набегі князь хадзіў зазвычай разам з лiтоўцамi, бо іхні магутны кунігас Даўгерут даводзіўся яму цесцем. У Рызе ваяўнічага памежнага князя пабойваліся, а Герцыка ды Полацк любілі яго – не толькі за адвагу ў бітве, але і за часты шанцунак, за тое, што свяціла яму з неба шчаслівая зорка.
То ягоныя ваяры знянацку з’явяцца пад самымі рыжскімі мурамі, захопяць гарадскі статак і двух лацінскіх святароў у прыдачу і беспакарана вернуцца ў свой удзел. То, надзеўшы нямецкія панцыры, без бою ўвойдуць