Гісторыя сям'і Нарбутаў сыходзіць каранямі ў вельмі далёкія часы. Сярод прадстаўнікоў гэтага роду меліся вайскоўцы, палітыкі, пісьменнікі і гісторыкі. Асаблівае месца сярод іх займае Тэадор Нарбут. У 1854 г. гісторык, публіцыст і выдавец Адам Кіркор пісаў: «Усе адукаваныя краіны Еўропы ганарацца сваімі гістарыёграфамі, і ў кожнай з краін вельмі мала ёсць асоб, працы якіх сталі гонарам свайго края. Аддаючы належную пашану мінулым і сучасным працаўнікам на гістарычнай ніве, шчыра прызнаемся, што ў нашай літаратуры мы можам ганарыцца толькі двума асобамі, заслугай якіх з'яўляецца стварэнне вялікіх і маштабных прац, у якіх выкладаецца гісторыя нашай краіны. Гэта Адам Нарушэвіч1 і Тэадор Нарбут. Але першы меў шчодрую падтрымку караля Станіслава Аўгуста, багацце матэрыялаў і такога здольнага і працавітага памочніка як Альбертрандзі2, пры гэтым, ён, пачаўшы пісаць гісторыю, зрабіў толькі палову працы – старасць спыніла яго пяро. Тэадор Нарбут сам распачаў і сам закончыў (скажам гэта смела) сваю вялікую справу. Сваімі намаганнямі і за свой кошт, праз археалагічныя раскопкі і пошукі ў далёкіх архівах ён стварыў гісторыю ВКЛ і праклаў дарогу для яе даследчыкаў у будучыні. І нават сёння, калі яго галава ўжо пасівела, ён з маладой энергіяй заканчвае і ўдасканальвае розныя часткі сваёй манументальнай працы. Сапраўдны творца літоўскай гісторыі, ён усім сваім жыццём паказаў, што можа зрабіць адзін чалавек з рашучым і нязломным характарам. Дзевяць тамоў ягонай гісторыі даюць яму безумоўнае права на славу і вядомасць. Ён шчаслівы, бо пры сваім жыцці ўбачыў плён сваёй працы і адчуў пашану землякоў. Вывеў ліцвінаў з цёмнай, нязведанай пячоры і прайшоў з імі ад паганскай калыскі да хрысціянкай Рэчы Паспалітай. Шмат гадоў прысвяціў карпатлівай працы па зборы матэрыялаў нашай таямнічай мінуўшчыны, перш чым з гэтага амаль што нікім не кранутага хаосу, выкрышталізавалася гарманічнае цэлае – гісторыя роднай зямлі, якую ён, як самы каштоўны скарб, падараваў сваім суайчыннікам»3.
Пра Тэадора Нарбута і яго сям'ю я пісаў і раней4, гэта кніга падсумоўвае папярэднюю працу. У значнай ступені яна грунтуецца на перапісцы доктара Аніцэта Рэніера з гісторыкам, інфармацыі Уладзіслава Сыракомлі пра яго калекцыю, архіве яго дачкі Тэадоры Манчунскай5, успамінах Камілы Юрэвіч з Нарбутаў6 і г. д. Сканы нявыкарыстаных да гэтага часу ў беларускай гістарыяграфіі вельмі карысных тэкстаў Манчунскай і Юрэвіч, аплаціў мой сын, за што яму вялікі дзякуй.
Архіў Тэадоры Манчунскай складаецца са 142 сканаў здвоеных старонак, якія на жаль, не з'яўляюцца паслядоўным, наратыўным тэкстам. Галоўным зместам архіва ёсць вершы яе бацькі, розныя яго ненадрукаваныя ў прэсе артыкулы, метэаралагічныя заўвагі, а таксама ўрыўкавыя ўспаміны самой Манчунскай пра сям'ю (гэтыя ўспаміны амаль што цалкам выкарыстаны ў кнізе) і раней не надрукаваны тэкст самога Тэадора Нарбута пра яго род, які цалкам прыводзіцца ў дадатках.
Успаміны Камілы Юрэвіч з Нарбутаў, падобна, напісаны як артыкул для перыёдыкі, у ім шмат агульнавядомай інфармацыі, але яе тэкст карысны перш за ўсё асабістым поглядам аўтаркі і цікавымі заўвагамі пра далёкага сваяка, якім быў для яе Тэадор Нарбут.
Шмат новай і грунтоўнай інфармацыі дае нам аналіз шматгадовай перапіскі з доктарам Аніцэтам Рэніерам, з якім Тэадор Нарбут моцна сябраваў. Пераклад перапіскі надрукаваны ў часопісе «Лідскі летапісец»7.
Заснавальнік рода Рэніераў у Літве прыбыў да нас з Францыі ў 1646 г. Сябар Нарбута Аніцэт Рэніер вывучаў медыцыну ў Віленскім універсітэце. Яшчэ не закончыўшы універсітэт, як лекар прынаняў удзел у паўстанні 1831 г. Пасля паразы паўстання, разам са сваім аддзелам, быў інтэрніраваны ў Прусіі але ў 1832 г. атрымаў дазвол вярнуцца на радзіму. У 1836 г. атрымаў дыплом урача і хутка стаў знаным у Вільні лекарам.
У 1842 г. становіцца членам Віленскага лекарскага таварыства і прымае на сябе кіраўніцтва яго медыцынскай бібліятэкай. Меў на ўтрыманні вялікую сям’ю і не гледзячы на добры даход, які давала лекарская практыка, жыў небагата, аб чым у 1843 г. пісаў Тэадору Нарбуту, з якім сябраваў: «… не магу ўзняцца з беднасці і ніхто мне ў гэтым не дапаможа. Трэба шмат працаваць самаму покуль магу і покуль хапае моцы». Але матэрыяльны стан не перашкаджаў яму думаць пра будучыню края, у тым жа годзе пісаў Нарбуту: «Колькі мільёнаў людзей трымаем як быдла… будзем гніць разам з імі у чужынскай няволі бо самі гэтаму дапамагаем» а ў 1845 г.: «На маіх плячах ляжыць вялікая адказнасць ад якой я, пакуль хапае сіл, не магу адрачыся»8.
Доктар Рэніер арганізаваў у Вільні тайную бібліятэку ў якой акрамя дазволеных былі і кнігі выдадзеныя за мяжой. Потым паліцыя знайшла матэрыялы, грунтуючыся на каторыя даведалася, што бібліятэка мела 71 чытача – дробная і сярэдняя шляхта, чыноўнікі, журналісты, літаратары, лекары і іншыя асобы з усёй Беларусі. Чытачом Рэніера быў і Тэадор Нарбут.
Пачатак жыцця Тэадора Нарбута, служба ў войску
Тэадор Нарбут нарадзіўся 8 лістапада