Мае дзевяностыя. Альгерд Бахарэвiч. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Альгерд Бахарэвiч
Издательство: Электронная книгарня
Серия:
Жанр произведения: Биографии и Мемуары
Год издания: 2019
isbn: 978-985-7165-89-6
Скачать книгу
графаманію пра розных «уклюжих медведей». А потым замест абавязковых сачыненьняў стаў здаваць настаўніцы сюррэалістычныя тэксты, за зьмест якіх яна ставіла нязьменнае «пяць» (дый з артаграфіяй і пунктуацыяй у мяне ўсё было ОК). Скажам, задае яна нам напісаць сачыненьне па карціне Шышкіна і атрымлівае ад мяне абсурдны опус пад назвай «Синие шарики на зеленом столе», поўны наркаманскіх вобразаў, якія ня маюць да жывапісу Шышкіна ніякага дачыненьня, тэкст, створаны з дапамогай аўтаматычнага пісьма, ды яшчэ з элемэнтамі «плыні сьвядомасьці». І ставіць мне 5. «Ён так адчувае», казала настаўніца. «Я стаўлю 5 за стыль. Мне здаецца, у яго літаратурны талент». Сачыненьні мае чыталі перад усёй клясай – і цяпер я разумею, што гэта быў першы мой досьвед публічнага прызнаньня. Кляса рэагавала па-рознаму: адны казалі, што з Бахарэвічам усё ясна – «писателем будет», іншыя шматзначна стукалі пальцамі па лбах і круцілі пальцам ля скроні; выдатніцы, якія добрасумленна перапісвалі ўсё з падручніка, крыўдавалі, мае сябры, якія і самі пісалі самастойна і цікава, сьмяяліся, а большасьці было да дупы, што я там панапісваў: літаратура падавалася ім абсалютна бессэнсоўным заняткам. І ў нечым яны мелі рацыю.

      Пад дзікай валасьнёй

      А вось беларускую літаратуру я адразу ўспрыняў як нешта абсалютна ідэалягічнае – усе гэтыя нудныя, падхалімскія, бяздарныя тэксты пра вайну і вёску падаваліся мне наўмысна створанымі дзеля таго, каб ператвараць нас у паслухмяных жывёлаў. Не было ніводнага пісьменьніка ці паэта, які б зацікавіў мяне ці маіх сяброў (калі якая-небудзь дробная дзяўчынка з нашай клясы пакорліва дэклямавала ля дошкі «Я мужык-беларус», мы ўгаралі так, што лезьлі пад парты). Ні пра якога Мрыя, Разанава або Стральцова мы ня чулі і чуць не маглі, Караткевіча чыталі па-расейску, ды яго і не вывучалі ў школе як сьлед. Маўра – таксама па-расейску, у сэрыі «Библиотека приключений і фантастики».

      Лаўрэнцій неяк адкапаў выпадковы верш Панчанкі пра хіпі:

      «Гэй, хіпі, хіпі, хіпі, махнатыя пратэсты,

      а сьвет ня толькі гібель, а сьвет яшчэ братэрства,

      а сьвет яшчэ змаганьне зь няпраўдаю, з багамі,

      дык трэба быць з мазгамі

      пад дзікай валасьнёй».

      Усе палічылі, што гэта найлепшы ўзор беларускай паэзіі: словы «мазгі» і «валасьня» патыхалі нейкім панкам. Крыху лепш за астатніх успрымаўся Танк – адчуваўся ў ягоных вэрлібрах пэўны выклік. Але збольшага белліт асацыяваўся найперш з такім, дэбільна-жалезабэтонным, гнілым, пазаўчорашнім:

      «Я хачу, каб называўся камуністам

      Сын мой, а таксама сынаў сын!»

      Такая паэзія ў той час ужо ня мела ніякіх шанцаў.

      Жаба

      Настаўніцу беларускай мовы і літаратуры ў школе называлі Жаба. Яна і праўда была крыху падобная да сумнай і замучанай нелюдзямі жабы – няшчасная жанчына, якая цягнула перад маладымі прыдуркамі воз нікому не патрэбнай літаратуры, а яны кідалі ў яе мокрымі анучкамі, стралялі насьліненымі шарыкамі з асадак… Не, мы зь сябрамі