Пад’ездны рок
У кожнага з нас быў свой пад’езд, а ў ім сваё месца, дзе ўсе зьбіраліся ажно пакуль не пакінулі назаўжды бацькоўскі дом. У Лёхі – лесьвіца паміж паверхамі, у мяне – пляцоўка каля сьмецьцеправоду, зь вялікімі, нязьменна бруднымі вокнамі, празь якія я глядзеў у той час на сьвет. У Макса і Лаўрэнція, якія жылі ў адным доме, такім месцам быў куфар, з тых, якімі і цяпер застаўленыя ўсе лесьвічныя пляцоўкі шматпавярховікаў: там перахоўваюць бульбу і моркву, розны гаспадарчы інвэнтар, старыя рэчы, санкі, закаткі, усялякі рыштунак… У Славы мы зьбіраліся радзей – магчыма, таму, што ў яго былі занадта неталерантныя суседзі.
Макс быў першым, хто пачаў сур’ёзна займацца музыкай і вывучыўся граць на гітары. А яшчэ ён хадзіў у школу ў швэдры – а мы ў школьнай форме. Здаецца, у той час Макс быў у захапленьні ад БГ – значная частка дзевяностых прайшла пад песьні «Акварыюму». А яшчэ «Заапарку», а яшчэ «The Doors», і «T. Rex», і Джэніс Джоплін… І процьмы іншых, пра якіх цяпер мала хто ўжо й памятае. Усе Шабаны слухалі найбрыдчэйшую папсу або мэталістаў: ад «Мэталікі», «Мanowar» і ACDC да «Арыі» і «Черного кофе» і гулялі ў «ты валніст ці мэталіст?». А мы ўжо ў школе слухалі «Pink Floyd», Джыма Морысана, Боўі, Ігі Попа, «Led Zeppelinn», «The Cure», любілі бітлоў, перапісвалі на касэты розны new wave і чыталі пра беларускі, расейскі і ўкраінскі рок у «Крыніцы», «Піянэры», «Бярозцы» і першых самвыдатаўскіх часопісах. І адчайна хацелі быць падобнымі да рок-зорак.
Ясна, як да нас ставіліся. Як да фрыкаў: «хіпаны», «бітлы», «валасатыя» – гэта былі самыя бяскрыўдныя мянушкі. Часта даходзіла да агрэсіі – такім, як мы, у Шабанах было нялёгка, тут усе мусілі гуляць па правілах. Гэтыя турэмныя правілы – тое, што мы ненавідзелі ўсёй душой… Правілы – і гопнікаў.