«Иностранцы? Ну вообще-то да, запрещено. Нужно взять разрешение».
Я пераклаў. Немцы схавалі камэры. Мая школа не прызнавала мяне. Пазнавала, я бачыў – але не прызнавала. Як пакрыўджаная радзіма, яна была зусім блізка – і не пускала на свой бераг. Ёй было напляваць, кім я стаў пасьля таго, як апошні раз сышоў уніз па яе сходах. Кім-кім? Абы-кім. Пасьпяховыя людзі стараюцца пражыць жыцьцё так, каб школа заўжды была паблізу, каб не выходзіць з зоны яе прыцягненьня.
Школу трэба бачыць, трэба памятаць, а не апісваць і фоткаць. Вадзіць да яе чужых – ужо здрада. Школа – стратэгічны аб’ект асобага прызначэньня. Была. Ёсьць. Будзе.
Шабаны
Так, дзевяностыя я сустрэў школьнікам. І жыхаром Шабаноў – раёну, які яшчэ доўга будзе наводзіць жах на ўвесь горад: і сам па сабе, і як вобраз змрочнага індустрыйнага гета, у якім пануюць гвалт, савок, кіч, алькагалізм і беспрасьветнасьць.
Як выглядалі Шабаны на пачатку дзевяностых? Гэта было нагрувашчаньне шэрых дзевяціпавярховых бэтонных скрыняў, у ценю якіх нясьмела расьлі, хаваючы голыя галовы ў плечы, чэзлыя маладыя дрэўцы, і поўзалі па вузкіх разьбітых дарожках «жыгулі» і «масквічы». Зямля, пакрытая тоўстым слоем утаптаных недапалкаў і бітага шкла. Смурод са станцыі аэрацыі. Гразь, якая не высыхала нават летам, вялізныя пусткі і катлаваны, засьмечаныя лясы і ўзьлескі, разьбіты асфальт вуліц, якіх тады было афіцыйна толькі дзьве і якія губляліся ў лябірынце аднолькавых будынін. Выбухі з палігону, ад якіх трэсьліся шыбы ў вокнах нашай кухні. Паўсюль сноўдалі «абарыгены», нецьвярозы рабочы люд з МАЗу і трактарнага, зь зямлі тырчала нейкае жалезьзе, на даляглядзе праступалі з туману коміны заводаў. Бойкі: шабаноўскія супраць вясковых, новыя Шабаны на старыя, прыхадні супраць сваіх. Вырваныя з лавак на двары дошкі, салдацкія рамяні, жалезныя пруты – каб махацца. Дзьве-тры дзяржаўныя крамы, у якіх мала што можна было купіць, некалькі школаў і садкоў…
У канцы 80-х тут зьявіліся перасяленцы з чарнобыльскай зоны, насельніцтва імкліва расло, пракарміць сям’ю рабілася ўсё цяжэй, потым увялі талёны, але мы, школьнікі, у той час мала задумваліся пра бацькоўскія клопаты. Мы гулялі ў ножыкі за хмызамі на школьным стадыёне – увесь час азіраючыся, бо маглі прыйсьці старэйшыя і адняць зброю: тлумач потым бацькам, куды падзеліся нажы з кухні. Расьсеўшыся на бэтонных плітах, мы рэзаліся ў «чу», савецкімі манэткамі, здабываючы сабе сродкі на марозіва, газіроўку і піражкі. «Чу!» – па-змоўніцку зьвярталіся да цябе, заціснуўшы ў кулаку двушку, «чу» – адказваў ты – і гульня пачыналася: калі манэтка выпадала правільным бокам, ты выйграваў чужую. У васьмідзясятыя мы, наглядзеўшыся «Д’Артаньяна», ладзілі дуэлі на шпагах з алюміневага дроту – пакуль старэйшыя ішлі сьценка на сьценку. Усе гэтыя забавы ў 1991-м пакрысе сьціхлі. Надыходзіў час чагосьці іншага, новага, страшнага і прыцягальнага, і ўсе, нават малышня, адчувалі: нешта будзе.
Wind of Changes
Мы ведалі, што сьвет не канчаецца ў Шабанах,