Мае дзевяностыя. Альгерд Бахарэвiч. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Альгерд Бахарэвiч
Издательство: Электронная книгарня
Серия:
Жанр произведения: Биографии и Мемуары
Год издания: 2019
isbn: 978-985-7165-89-6
Скачать книгу
з мэтай русыфікацыі, яна – інструмэнт рэпрэсій, яна была задуманая як першы этап у зьліцьці моваў. Няўжо пра гэта ніхто ня памятае? Няўжо не ганебна карыстацца правапісам улады, якая расстрэльвала беларускую культуру ў 30-х? Яны пачалі з правапісу – а скончылі людзьмі.

      Тарашкевіца – гэта эўрапейскі выбар для беларускай мовы.

      Тарашкевіца – гэта выклік саўку.

      Тарашкевіца – гэта стылёва і прыгожа.

      Тарашкевіца – лягічная. Наркамаўка – абсурдная, поўная дзіўных выключэньняў. Чаму «камусьці» пішацца зь мяккім знакам, а «сьвет» мусіць пісацца без? Людзі, якія сьмяюцца зь «філязофіі» і «клюбу», проста ўспрымаюць беларускую мову расейскімі вушамі. Калі «плян», «глёбус» і «клюмба» – гэта сьмешна, тады чаму нясьмешна: «лямпа» і «пляц»? Хтосьці можа гэта патлумачыць? У непрыняцьці тарашкевіцы ёсьць нешта ірацыянальнае – і, на жаль, рабскае, паслухмянае, баязьлівае: так прынята, так усе пішуць, усе звыклі, усе так вучыліся… Народ не зразумее… Народ шмат чаго не разумее. Народ галасуе за гітлераў, пуціных, лукашэнак, народ галасуе супраць беларускай мовы, народ заўжды дазваляе маніпуляваць сабой. Калі б не знаходзіліся тыя, хто адкінуў гэты аргумэнт – «народ», мовы ўжо не існавала б. Бо ў горадзе народ гаварыў і гаворыць па-расейску, а па-беларуску – тыя, хто пайшоў супраць большасьці. Хто не пабаяўся быць незразумелым. Хто думае пра цывілізацыйны выбар, а не пра тое, што галоўнае – жратва і работа, а астатняе – ды гары яно гарам… неяк жа будзе… абы мы жылі…

      Я пішу тарашкевіцай з самага пачатку сваёй беларускай біяграфіі і заўважыў: тыя, у каго здараецца гістэрыка пры выглядзе тэкстаў тарашкевіцай, – гэта звычайна людзі з кепскім густам і вялікай пыхаю, дагматыкі зь недахопам ведаў, яны дрэнна абазнаныя ў літаратуры, гісторыі, лінгвістыцы, яны ня ведаюць замежных моваў, дый беларускую як сьлед ня ведаюць. Калі я чую, што «чытачы не прымаюць тарашкевіцы», я думаю пра ўсіх тых, хто пісаў і казаў мне, што менавіта тарашкевіца зацікавіла іх у свой час і прывяла да беларускай мовы і да маіх кніжак. А наркамаўка гадамі адбівала ахвоту чытаць па-беларуску – бо нішто так не адпавядае праславутаму і бязглуздаму вобразу «испорченный русский».

      Тарашкевіца для мяне – выклік мэйнстрыму, саўку, расеі ў галовах, выклік канфармізму, які пануе апошнім часам у культуры. Я буду трымацца за яе, як трымаўся ўсе дзевяностыя, – гэта правапіс усіх маіх тэкстаў і кніг. Цяпер я адчуваю сябе, як Гюнтэр Грас – той самы пісьменьнік Грас, што не прызнаў апошнюю рэформу нямецкай мовы і працягваў да сьмерці пісаць так, як лічыў патрэбным і прыгожым. Забаўна ўяўляць сабе Граса, які, пыхкаючы люлькай, спрабуе знайсьці адэкватны адказ на жалезабэтонны аргумэнт: «Так цяпер пішуць усе…»

      «Так робяць усе», «гэта любяць усе», «гэта чытаюць усе», «так пішуць усе», «так усе думаюць» – найлепшы матыў не рабіць, не любіць, не чытаць, не пісаць, думаць інакш. Большасьць заўжды памыляецца.

      Няправільны беларус

      У пэдагагічным я быў адным зь нешматлікіх цалкам беларускамоўных студэнтаў.