Мае дзевяностыя. Альгерд Бахарэвiч. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Альгерд Бахарэвiч
Издательство: Электронная книгарня
Серия:
Жанр произведения: Биографии и Мемуары
Год издания: 2019
isbn: 978-985-7165-89-6
Скачать книгу
калі патрэбны продых,

      І праца ў рэшце рэшт губляе сэнс.

      Зьбяруся і паеду ў зімні лес,

      Дзе існуе гармонія і згода,

      Спакойна сьпіць зьнямелая прырода,

      У белай форме – самы чысты зьмест».

      Зборнік «Тутэйшыя. Творчасьць сяброў таварыства» я купіў досыць выпадкова – зайшоў у кнігарню, пабачыў кніжку, якая нічым, здаецца, ня вабіла… пагартаў… і аддаў усе грошы, якія бацька даў мне ў той дзень на дробныя выдаткі. Гэтаксама здарыцца пазьней з «Шляхціцам Завальням», яшчэ адной кніжкай, якая вельмі на мяне паўплывала. І са зборнікам іранічных эсэ Ўладзімера Арлова «Мой радавод да пятага калена», якую я перачытаў разоў дзесяць…

      Але спачатку былі «Тутэйшыя» – дзякуючы ім я пачаў пісаць сур’ёзна і мэтанакіравана і зразумеў, што ад беларускай літаратуры мне ўжо нікуды не падзецца.

      Я даваў яе чытаць самым розным людзям – аднаклясьнікам, музыкам, сваякам, і нязьменна патрабаваў вярнуць. Але аднойчы забыўся – акурат тады, калі «Тутэйшыя» ўжо перасталі ўспрымацца мной як недасяжныя літаратурныя велічыні.

      Тады, на пачатку 90-х, гэтая кніжка дапамагла мне зрабіць калясальны прарыў у вывучэньні мовы – мой лексыкон узбагаціўся на пару сотняў адметных і патрэбных словаў, а галоўнае: я адчуў, што гэта мая, гарадзкая беларуская мова, што гэта мова, створаная для чагосьці большага, чым вёска і партызаны, я пачаў адчуваць «гармонію і згоду». А яшчэ ацаніў… Як бы лепш гэта апісаць? Напэўна, вось так, рызыкоўна: ацаніў стылёвую эўрапейскасьць іх беларушчыны. Тое, што я заўжды лічыў важным у ёй падтрымліваць і разьвіваць.

      Я бяру ў рукі кнігу і гляджу на сьпіс аўтараў. У тыя гады некаторыя зь іх былі для мяне вялікімі недасяжнымі аўтарытэтамі. Некаторыя, ня ўсе. Але я дзякую ім за той зборнік: навокал мяне не было ніводнага беларускамоўнага чалавека, і гэтыя паэты, пісьменьнікі, перакладчыкі былі адзінымі, з кім я мог гаварыць па-беларуску пра новую літаратуру, пра сябе, пра сьвет: у думках, нячутным шэптам; мае самыя змрочныя дні запаўняліся іхнымі галасамі, і рабілася лягчэй, і хацелася жыць, чытаць, пісаць. Шмат з кім я пазьней пазнаёміўся асабіста – беларуская літаратура малая, задушлівая, як цесны, пракураны рэдакцыйны пакой, і калі ты пішаш, дык рана ці позна з усімі сустрэнешся: з вартымі і ня вартымі, зь сярэднімі, пасрэднымі, вялікімі, маладымі, старымі…

      Гэтыя мае знаёмствы з колішнімі «Тутэйшымі» атрымаюцца вельмі рознымі. З кімсьці і цяпер цікава сустрэцца, выпіць кавы ці віна і пагаварыць пра людзей і літаратуру, з кімсьці мы выступаем на адных сцэнах і нашыя прозьвішчы можна пабачыць разам на сайтах і ў сьпісах самых вядомых літаратараў, з кімсьці мы даўно не вітаемся, хтосьці страціў маю павагу, хтосьці даўно памёр. Хтосьці працягвае пісаць – а хтосьці кінуў, а хтосьці яшчэ піша, а лепш не пісаў бы. Хтосьці мог напісаць больш і лепш, але ўжо ніколі не напіша. Хтосьці жывы клясык – а хтосьці проста літаратурны чыноўнік, пагарджаная мной разнавіднасьць чалавека… Хтосьці абвесьціць сябе гуру, пакутуючы ад недастатковага прызнаньня, – а пра кагосьці і гаварыць ня хочацца. І непазьбежна