Зіновій Позьні, дачакаўшыся, калі воплескі заціхлі, рашуча кідаў у залу рэвалюцыйныя думкі аб злавесным хаўрусе імперыялістычных дзяржаваў. Усталявалася мёртвая цішыня, у якой было добра чуваць, як у сярэдзіне залы, у восьмым радзе, пахропваў ветэран адзінай на ўсіх перамогі, стомлены за дзень беганіны, экскурсій і франтавых ста грамаў, лысы, у абвешаным медалямі і значкамі палкоўніцкім мундуры.
Зіновій Позьні ўладарна падняў руку і сказаў словы, якіх ніхто ад яго не чакаў і якія імкліва пранесліся па ўсёй зямной кулі, выклікаўшы радасць у прыгнечаных і бедных і ледзяное здзіўленне ў элітаў панавальных нацый: – Сябры, сёння сярод нас – тыя ўжо нешматлікія людзі самаадданага пакалення, што выратавала цывілізацыю ад карычневай чумы. Прэзідэнт Штатаў Франклін Рузвельт некалі зазначыў, што калі б не гераічны Савецкі Саюз, то гітлераўская Германія існавала б яшчэ чатырыста гадоў. Не было ў той гістарычны час сілы, акрамя савецкіх людзей, што магла перамагчы фашызм. Сёння сярод нас франтавікі! Тыя, хто некалі падымаўся ў наступ пад смертаносным шквалам нямецкіх кулямётаў! Хто стаяў дзень і ноч ля станкоў і мартэнаў, плавіў сталь, вырабляў патроны і снарады, танкі і самалёты для фронту. Яны сучаснікі герояў, што ляглі мёртвымі пад Ржэвам у страшных 41–42 гадох! Яны помняць тых, хто камандаваў ротамі і паклаў жыццё ў ледзяных траншэях Ленінграда і Сталінграда!
У іх памяці высечаны словы, выказаныя ў трагічным, бязлітасным 41 годзе: «Братья и сёстры!.. К вам обращаюсь я, друзья мои… Нас постигла большая беда… Коварный враг обрушился на мирную жизнь советских людей…». Гісторыя – гэта не стрункі і прамы праспект Скарыны. Ветэраны ведаюць, што Вярхоўны Галоўнакамандуючы неаднойчы казаў у вузкім коле дзяржаўных асобаў: «Нам не хапіла для падрыхтоўкі да вайны паўтара – два гады»…Пасля бліскучай і трагічнай перамогі як цудоўна застацца жыць і пражыць яшчэ пяцьдзесят ці шэсцьдзесят гадоў, нарадзіць дзяцей, дачакацца ўнукаў і праўнукаў, жыць у спакоі і міры, з забяспечанай старасцю. Але шмат хто з уцалелых франтавікоў і ветэранаў зараз употай думае, што лепш было гераічна загінуць разам са сваімі аднапалчанамі, калі не ў 41-м, дык у 45 годзе, чым дачакацца цяперашніх часоў, калі мінулае падвяргаецца адмаўленню і ганьбе. Сёння марнее памяць пра велічныя гады, калі савецкі чалавек быў далучаны да вялікіх перамог: Днепрагэс і сталінскія пяцігодкі, Перамога і надзейная абарона дзяржавы, палёт у космас і харчовая бяспека краіны, народная адукацыя і народная ахова здароўя, тысячы вялікіх і маленькіх перамог, і кожны сумленны чалавек быў не толькі ўдзельнікам, але і пераможцам. Ніводнае жыццё не прайшло марна, кожнае мела сэнс. Франтавікі і ветэраны, яны маўкліва пытаюцца ў нас: ці можна сёння святкаваць нашую Перамогу ўзнёсла і эйфарычна, калі нашая Краіна