…Асэнсаваўшы словы Алеся, Зміцер напоўніцу адчуў будучую небяспеку. Ён уважліва, вельмі спрасавана ўзважыў тую цяжкасць, што нечакана вымалявалася перад ім.
На лекцыях і семінарах дацэнт трымаўся ветліва і не чапаў Змітра, які не верыў усталяванаму зацішшу. Асэнсаваўшы псіхалогію помслівых людзей, ён зразумеў, што крыніца помслівых паводзін асобы знаходзіцца ў межах звычайнай барацьбы за выжыванне. Помста – не рыса характару, а сродак выжывання. На ўсялякі выпадак Зміцер пачаў цярпліва адсочваць усе галіны дзейнасці дацэнта Пятакова.
…Акрамя выкладчыцкай працы, дацэнт удзельнічаў у шматлікіх камісіях і нават узначальваў міждзяржаўны звяз універсітэтаў двух братніх народаў. На травеньскія святы мелася адбыцца ўрачыстае паседжанне чальцоў гэтага хаўрусу, і ва універсітэце разгортвалася вялікая праца па падрыхтоўцы сумеснага святкавання. Злыя языкі казалі, што пры ўдалым ажыццяўленні гэтага мерапрыемства Пятакоў, пэўна, ужо прафесар, узначаліць адзін са сталічных універсітэтаў.
Будучы старшынёй руска-беларускага звязу гісторыкаў, філосафаў і філолагаў, Арсен Аляксеевіч доўга і ўпарта рыхтаваў – якраз да Дня Перамогі – святочнае паседжанне ў межах сцен універсітэта.
Была атрымана патрэбная матэрыяльна-фінансавая дапамога, набыты падарункі, запрошана безліч гасцей, падрыхтаваны святочныя канцэрты, імпрэзы, вечарыны, нумары ў гатэлях. Хадзілі таемныя чуткі, што магчымы нечаканасці, пра якія пакуль не казалася, але дасведчаныя людзі ў гэты момант шматзначна падымалі вочы да столі і рабілі загадкавы выгляд на твары: – з пэўных крыніц ….[7]
VІ
… Надышоў святочны дзень, якога больш за ўсіх чакаў ужо прафесар Пятакоў. Яму гэтае ўдала праведзенае дзейства адчыняла шлях да далейшай кар’еры. Добра распрацаванае і падрыхтаванае святкаванне кацілася па рэйках, госці ўсклалі кветкі да вечнага агню, наведалі Хатынь і Курган Славы, сустрэліся з гарадскімі патрыятычнымі моладзевымі арганізацыямі. Урэшце, набыўшы моцнае жаданне падсілкавацца, запрошаныя доўга і ўзнёсла палуднавалі ў сталоўцы універсітэта. Пасля святочнага абеду, гадзіны ў чатыры, пачалі збірацца ў актавай зале на ганаровае паседжанне. Пасля меўся адбыцца традыцыйны святочны канцэрт і ўжо познім вечарам – святочная вячэра.
Арсен Аляксеевіч ззяў шчаслівай усмешкай чалавека, які здзейсніў сваю адвечную мару. Ён гасцінна гнуўся праваруч і хітаў галавой леваруч, ціскаў працягнутыя далоні, раздаваў візітоўкі, сам атрымоўваў запрашэнні і заверы ў сяброўстве і любові. Непрыкметны дагэтуль дацэнт імкліва падымаўся па стромкіх прыступках рэйтынгу, на вачох вырастаючы ў асобу дзяржаўнага і нават міждзяржаўнага ўзроўню.
Лідэр дэмакратычна-ліберальнай партыі, сам выдатны папуліст, актор і красамоўца, заможны і ўпэўнены Леў Сафаравіч Задулаў пранікліва і сур’ёзна трымаў руку наваспечанага прафесара ў сваёй нечакана моцнай