– Ну ты смешны, Хомка, пілястры – гэта такія выступы, якія, быццам калоны, упрыгожваюць будынкі,– крыху насмешна адказвала Надзея, працягваючы: – Зараз мы ідзем вуліцай Прытыцкага, паглядзі, якая шырокая і прасторная яна, нездарма яе называюць «Брадвей». Але мне яна нагадвае кіеўскі Хрышчацік. Як файна тут летам! На гэтай вуліцы спяваюць і граюць тутэйшыя музыкі – студэнты з музычнага вучылішча імя Міхала Клеафаса Агінскага.
Надзея гаварыла і гаварыла. Яна нават не заўважыла, што Янак ужо даўно не слухаў яе. Ён глядзеў некуды ўбок, часта азіраўся назад, як быццам хацеў адсюль уцячы. А Надзея, смакуючы кожнае слова, з асаблівым запалам працягвала:
– Вось мы і падышлі да самага сакральнага. Раней тут стаяў іншы прыгожы помнік На бяду, перанеслі яго ў парк. Ён там нядаўна і раскалоўся па іроніі лёсу. Але цяпер тут стаіць не горшы помнік, «Папараць-кветка» завецца, бачыш, закаханыя хлопец і дзяўчына ў папараці. Як мы з табой.
І ў гэты момант бойкая дзяўчына пацалавала Янака. Але ён быццам і не быў гэтаму рады. Усё неяк мітусіўся, нібы нешта выглядаючы ў наваколлі. А дзяўчына гэтага і не заўважала.
Янак і Надзея вучыліся разам ва ўніверсітэце. Надзея, патомная інтэлігентка, дачка настаўнікаў, пакахала хлопца, які паходзіў з самых простых людзей. Нязграбны, хударлявы Янак толькі і адрозніваўся ад астатніх тым, што меў моцныя шырокія перадплеччы – (ручніцы – як казалі ў яго на вёсцы) – знак вясковай працы. Уменне спрытна касіць ды трымаць у руках сахор перайшлі Янаку ў спадчыну ад шматлікіх пакаленняў працавітых продкаў. Надзея ж вабіла многіх кавалераў, шмат хто з іх да яе заляцаўся, аднак пакахала яна Янака. І што магло прымусіць дзявочае сэрца скарыцца, ніхто не ведаў. Надзея так апантана любіла Беларусь і ўсё, што з ёй звязана, што марыла закахацца ў хлопца з народных нетраў. Магчыма, нейкае мяккае адмысловае вымаўленне, дыялектная мова, хоць і змяшаная з русізмамі, русыя валасы і шэрыя вочы – усё гэта разам адыграла нейкую ролю. Стварыўшы вобраз ідэальнага хлопца, Надзея шукала і нарэшце знайшла. Янакава тыпова беларускае аблічча яна заўважала ў іхнім універсітэцкім інтэрнаце і раней. Аднойчы Надзея ішла з вакзала і несла цяжкія торбы. Голас з-за спіны: «Дзяўчына, мо не дасцё рады, я вам памагу!» – агаломшыў яе. Гэтае «не дасцё рады» працяла наскрозь. Выраз яна чытала ў кнігах, але пачуць яго ад хлопца, які быў сімпатычны ёй, не спадзявалася. Так яны і пачалі сябраваць, пакуль сяброўства не перайшло ў нешта вышэйшае. Пакрысе Надзея пачала ляпіць з Янака тое, што было ёй патрэбна. Янак падпрацоўваў, таму яны маглі часта наведваць Купалаўскі тэатр, хадзілі ў мастацкі музей, Надзея нават прывяла яго ў грэка-каталіцкую царкву, змусіла ахрысціцца, і ён падначаліўся. Ці «паксцілі» яго ў дзяцінстве, Янак і не ведаў: у вёсцы не было ні касцёла, ні царквы. Праўда, бабуля на посную Каляду заўжды варыла куццю, а на Вялікдзень пякла смачныя булкі ды фарбавала яйкі. Вось і ўсё ягонае веданне пра рэлігію. Гадавала Янака маці, бацьку ён ніколі не ведаў. Вельмі крыўдаваў Янак, бо знаў цвёрда, што яго, бязбацькавіча, завуць байстручок. «А вось, жанкі, гляньце, Гэлін байстручок увесь збіты пайшоў, відаць, з хлопцамі зарэчанскімі дужаўся», – джалілі яго цётчыны