Акіян – такі ж неабсяжны, як і неба! Мы зробім вашаму хлопчыку акуратныя, прыгожыя жаберкі. Як у акулы. Хочаце? Ён зможа апускацца на самыя недасягальныя глыбіні! Ён будзе прыносіць вам жамчужыны!
– Вы забыліся, доктар, – сказала Леда, – што ўсе каштоўнасці, знойдзеныя на дне акіяна, Дзеці Мора павінны аддаваць дзяржаве.
– Не ведаю, як вы, спадарыня, – адказаў спецыяліст, – а я яшчэ не сустракаў ніводнага абсалютна чэснага чалавека – ні з жабрамі, ні з крыламі. Затое, магу паклясціся, Дзеці Мора ніколі не галадаюць!
На экране успыхвалі і гаслі жабры розных фасонаў, фотаздымкі шчаслівых Дзяцей Мора з перапонкавымі далонькамі. На іх амфібіі абдымаліся з дэльфінамі, трымаліся за каралавыя рыфы і ныралі пад палярныя льды. Леда ізноў задумалася.
Дзеці Мора, сапраўды, былі вельмі багатым класам: акіян усё яшчэ заставаўся невычэрпнай крыніцай скарбаў, схаваных ад цікаўных вачэй пад вадой, на патанулых караблях і самалётах. Афіцыйным указам усе падводныя скарбы лічыліся маёмасцю дзяржавы. Кожны чалавек з жабрамі, адшукаўшы залатую манету, перліну або амфару, павінен быў адразу ж аднесці ў Бюро рэгістрацыі каштоўнасцей. Гэты ўказ амаль што не выконваўся – Дзеці Мора ведалі многа спосабаў тайнага пад'ёму скарбаў з-пад тоўшчы вады. Калі ж у час вышукаў у іхніх сейфах знаходзілі каралі і золата і пыталіся: «Адкуль гэта ў вас?». Амфібіі толькі разводзілі перапонкамі: «Упала з неба!» Тое, што гэта здабыткі з акіянскага дна, было немагчыма даказаць.
Акрамя таго, роўна так, як арнітары гандлявалі паветрам, амфібіі вельмі ўдала гандлявалі арктычным і айсбергавым ільдамі, з якіх пры плаўленні атрымлівалася чыстая вада – а без вады, як вядома, чалавек існаваць не можа роўна так жа, як і без кіслароду. У небаскробах Дзяцей Зямлі паўсюдна стаялі высокатэхналагічныя фільтры для вады, але паставіць такі фільтр абыходзілася значна даражэй, чым браць у крамах лёд, акуратна парэзаны на кавалкі неабходнай велічыні. Арнітары набывалі не тэхналогіі, а лёд.
Але ў амфібій была свая павіннасць, не лепшая за пачынку азонавага слоя. Яны чысцілі глыбіні ад забруджвання. Сусветны акіян, як агромністая лінза, рабіў у сотні разоў больш заўважнай чалавечую неахайнасць і абыякавасць. Пластык, метал, нафта, аскепкі спадарожнікаў і касмічных станцый, кантэйнеры з радыяцыйнымі адходамі і ядучымі хімічнымі рэчывамі – раз на год, у Дзень Чысціні, Дзеці Мора спускаліся пад ваду і паднімалі смецце на паверхню, каб знішчыць яго. Але з кожным годам акіян не рабіўся чысцейшым, а людзі з жабрамі масава гінулі ад атручванняў.
І гэта Леда таксама ведала.
– Ну? Што вы вырашылі? – спытаўся генетык.
– Мне… трэба падумаць, – сказала Леда.
– Не спяшайцеся. Гэта вельмі адказны выбар.
А лепш прыходзьце заўтра. Я выпішу вам новы пропуск.
Генетык дастаў чысты бланк і адкрыў папку з паперамі, каб прачытаць імя пацыенткі. Убачыўшы яго, доктар дастаў з кішэні насоўку, нервова выцер лоб і як мага акуратней перапісаў