Доўгае рэха…
Што было рабіць Уладзіміру Караткевічу? Недвухсэнсоўны адказ гучыць у вершы «Недасланы ліст»:
«Што рабіць, як кахаеш замужнюю, —
Не адкажа і Саламон. <…>
Ён, напэўна, харошы хлопец,
Але хай нават дрэнны…
Ён твой.
Бык не ўкрадзе новай Еўропы,
Здохне лепей на лузе з травой.
І нямае ў маім законе
Слоў такіх, каб дазволіць маглі…
Заплаціць смяротнай абразай
Самай лепшай з зямных кабет».
Згадкі пра былое каханне пэўны час сустракаліся ў паэзіі Караткевіча. Напрыклад, 26 верасня 1957 года ў вершы «Каханне і камендант» ён элегічна ўспамінае мінулае:
«У студэнты мяне запішыце,
Дайце тэрмін, дакуль гуляць,
І каханую тую вярніце,
Ад якой не хацелася спаць.
І няхай хоць да самай смерці
Будзе рына мне на дазвол,
Каб вярнулі знову ў сэрца
І каханне старое, і боль».
Праз некалькі дзён, 29 верасня, Караткевіч піша адразу два вершы. Першы з іх, які мае назву «Песня», надзвычай цікавы. Гаворка ў ім, як і ў вершы «Ліст дзяўчыны», вядзецца ад імя ўкраінскай паненкі («…на Украіне хлопец чакае»), якая сумуе па беларускім хлопцу («З ніў беларускіх / Хлопец бялявы»):
«Колькі начэй
Вы ў садочку не спалі?
Колькі вачэй
На вас пазіралі?
Што гаварылі
Суседкі на вуха,
Што маці сварылася —
А хто яе слухаў?»
Аднак Караткевіч, хутчэй за ўсё, напісаў верш для таго, каб пераканаць сябе:
«Скажыце хлопцу
Ў далёкім краі,
Што я вінавата,
Што я чакаю».
Бо ў другім вершы ўсё, на жаль, зноў становіцца на свае месцы:
«Я кахаю цябе, кахаю,
Як у тыя далёкія дні,
Калі ночы светлага мая
На зямлю насылалі сны.
Я кахаю цябе, кахаю,
Як у той развітальны час,
Калі дрэвы дажджлівага мая
Злівай слёз праводзілі нас».
Верагодна, згадкі пра май сведчаць як пра час сустрэчы Уладзіміра і Святланы, так і пра момант расстання. Магчыма, пра гісторыю іх узаемаадносін распавядаецца і ў вершы «Ураган», які, на думку А. Вераб’я, датуецца 1959 годам:
«Хто нас развёў з табой, мая каханка.
Прымусіў нашу песню адзвінець? <…>
О, як тады мы горка пашкадуем,
Што горда йшлі на спрэчак злы падман,
Што воклічаў не чулі ў поўнач тую,
Як катаваў яліны ўраган».
У красавіку 1959 года быў надрукаваны верш У. Караткевіча «Было юнацтва», які, на маю думку, таксама прысвечаны