Мы раздзяліліся. Нашыя павозкі марудна пакаціліся ў бок Малапалоле. Павозка Коса Стэйна – усё глыбей у пустэльню. Мая павозка была апошняй. Я азірнуўся на Стэйнаў. У гэты ж момант ангелец таксама павярнуўся. Ён убачыў мяне і памахаў рукой. Гэта нагадала мне той дзень англа-бурскай вайны, калі зусім іншы ангелец, чыйго спадарожніка мы падстрэлілі, таксама павярнуўся і памахаў рукой.
Мы вярнуліся ўрэшце ў Малапалоле – з дзвюма павозкамі і жменькай скаціны. Іншыя павозкі мы пакінулі ў пустэльні. Мы перажылі шмат страшных рэчаў. Многія дзеці памерлі. Калі аднойчы павозка Герардуса Гробелара стаяла побач з маёй, я ўбачыў непадалёк ад яе нейкі скрутак. Я зразумеў, што гэта такое. Сам Герардус не паклапаціўся пра тое, каб пахаваць сваё мёртвае дзіця, а яго жонка ляжала без сіл і не магла нават варухнуцца. Я адышоў ад павозкі і насыпаў над цельцам горку пяску. Усё, што я помню пра рэшту дарогі ў Малапалоле – гэта сонца і пясок. І смага. У адзін момант мы падумалі, што заблукалі, але гэта ўжо не мела ніякага значэння. Мы нічога не адчувалі. Мы не маглі ні маліцца, ані блюзнерыць, бо нашыя высахлыя языкі прыліплі да паднябенняў.
Я да гэтага часу не ўпэўнены, колькі дзён мы ішлі назад. Часам я сядаю і спрабую падлічыць дні, але пасля мне здаецца, што я дзесьці памыліўся. Мы дайшлі да Малапалоле і да вады. Мы казалі, што больш ніколі не выйдзем адтуль у пустэльню. Не думаю, што тыя з нас, хто страціў на той дарозе дзяцей, тужылі па іх тады. Яны былі агаломшаныя тым, што перажылі. Але я ведаў, што яны хутка вернуцца да рэчаіснасці. Яны ўспомняць неглыбокія магілы ў пяску, і Герардус Гробелар са сваёй жонкай успомняць маленькі скрутак, пакінуты ў Калахары. І ведаю, што яны тады адчуюць.
Потым мы ўзялі павозку са свежымі валамі, загрузілі туды вялікі запас вады і вярнуліся ў пустэльню, каб адшукаць сям’ю Стэйнаў. З дапамогай кафраў з племені сечуана, якія ўмелі адшукаць нябачныя для нас сляды, мы знайшлі павозку Коса. Валы былі выпражаныя, трупы некаторых з іх ляжалі ля павозкі. Кафры паказалі нам адбіткі падэшваў на пяску, і мы даведаліся, у якім кірунку пайшлі двое мужчынаў і жанчына.
Урэшце мы знайшлі іх саміх.
Кос Стэйн ляжаў на пяску побач з жонкай – галава жанчыны на мужавым плячы, яе валасы распусціліся і мякка развяваліся на ветры. Непадалёк тварам уніз ляжаў ангелец. Знайсці маленькую Джэміму мы так і не змаглі. Мабыць, яна памерла дзесьці па дарозе, і Кос Стэйн пахаваў яе. Але мы пагадзіліся ў тым, што ангелец Вэбер перажыў жахлівыя рэчы: ён не мог нават усвядоміць, што Стэйны зрабілі з дзіцем. Верагодна, да апошняга моманту жыцця яму здавалася, што ён нясе дзяўчынку на руках. Бо калі мы перавярнулі яго цела, то заўважылі, што яго занямелыя мёртвыя пальцы сціскаюць старыя анучы і дзіцячую вопратку.
Здавалася, вецер, якія