Мы прасунуліся так далёка ў пустэльню, што казалі адно аднаму: канец дарогі ўжо блізкі. І хаця мы ведалі, што да нямецкага захаду яшчэ ісці і ісці і што адлегласць, якую мы адолелі, – гэта ўсяго толькі пачатак Калахары, мы спрабавалі хлусіць, нібыта вада ўжо зусім побач. Але, безумоўна, падманвалі толькі саміх сябе. Кожны ў глыбіні душы адчуваў, што гэта не больш чым хлусня. А пазней мы нават перасталі маніць адно аднаму пра тое, як нам пашанцавала, што мы засталіся ў жывых. Каб патлумачыць, наколькі ўсё было кепска, варта згадаць, што мы больш не спрабавалі ўтоіць складанасць нашага становішча ад жанчын і дзяцей. Яны плакалі, прынамсі, некаторыя з іх. Але тады не было ніякай розніцы. Ніхто не спрабаваў суцешыць тых, хто плача. Мы ведалі, што слёзы не маюць сэнсу, але ў той жа час разумелі, што плач жанчын мае не менш сэнсу, чым мужнасць мужчын. Праз некаторы час плач у нашым лагеры сціх. Жанчыны, што перажылі гэтыя жахлівыя дні і жывымі вярнуліся ў Трансвааль, больш ніколі не маглі плакаць. Іх загартавала тое, што яны бачылі. У гэтым яны зрабіліся такімі ж, як мужчыны. Мне здаецца, горш ад гэтага ў свеце няма нічога, – калі жанчыны праходзяць праз такія страшныя пакуты, што робяцца амаль як мужчыны.
Той ноччу мы амаль не спалі. Наступнага дня мужчыны з самага ранку пайшлі шукаць ваду. Праз гадзіну пасля ўзыходу сонца вярнуўся Ферэйра і сказаў, што за некалькі міляў адсюль ён знайшоў бруднаватую лужыну. Мы ўсе пайшлі туды і адчулі сябе нашмат лепш. Толькі калі мы сабраліся весці да знойдзенай лужыны скаціну, мы заўважылі, што мінулай ноччу кафры збеглі. Яны вышмыгнулі, калі мы пайшлі спаць. Самыя слабыя валы не змаглі падняцца, каб ісці на вадапой. І мы іх пакінулі. Некаторыя валы былі затаптаныя да смерці ці захраслі ў гразі і задыхнуліся, і нам давялося іх выцягваць, каб астатнія маглі напіцца. Усё гэта было жахліва.
Перад самым нашым адпраўленнем памерла адна з дачок Ферэйры. Мы выкапалі ў пяску яміну і пахавалі яе. І вырашылі вяртацца.
Пасля смерці дачкі Абрахам Ферэйра падышоў да Герардуса і сказаў: калі б мы паслухаліся яго парады і павярнулі назад раней, яна засталася б жывой.
– Цяпер твая дачка памерла, Абрахам, – сказаў Герардус. – І гаварыць пра гэта не мае сэнсу. Усе мы калі-небудзь памрэм. Раней я адмаўляўся вяртацца. Але вырашыў вяртацца цяпер.
Абрахам Ферэйра паглядзеў Герардусу ў вочы і засмяяўся. Я ніколі не забуду, як гучаў у пустэльні яго смех. Голас Абрахама хрыпеў, як пясок і як смага. У яго голасе булькатаў увесь боль, які прынесла яму пустэльня; яго твар зморшчыўся, а вусны пачарнелі. Але нічога ў яго абліччы не сведчыла пра гора, якое прынесла яму смерць дачкі.
– Дзядзька Герардус, а твая дачка яшчэ жывая, – сказаў Абрахам Ферэйра, паказваючы на павозку, у якой ляжала аслабелая жонка Герардуса і дзіця, якое яна нарадзіла зусім нядаўна. – Так, жывая… усё яшчэ жывая”.
Усё