Канстанцінопалем і значных поспехаў на Балканах у 1475 г. туркі здабылі Кафу – калонію Генуі ў Крыме. У 1484 г. захапілі малдаўскія порты Белгарад-Днястроўскі і Кілію, якія гралі значную ролю ў гандлі Польшчы з Усходам. У Польшчы адразу заўважылі небяспеку на паўднёва-усходнім памежжы. Ацанілі таксама наступствы для гаспадаркі, якія адсюль вынікалі. Ужо ў наступным годзе Казімір Ягайлавіч арганізаваў выправу на Малдавію. Яму нават удалося сабраць паважныя сілы. Выправа не скончылася нейкім эфектным поспехам, войска не дабралася да Белгарада і Кіліі, не сустрэлася на полі бою з туркамі. Аднак была атрымана палітычная перамога ў выглядзе васальнага падпарадкавання Малдавіі Польшчы. Да гэтых пор Малдавія старалася ўтрымліваць прыязныя стасункі з Польшчай, але заўсёды пільнавала свой суверэнітэт. Толькі турэцкая пагроза прымусіла малдаўскага гаспадара канкрэтна вызначыцца з дачыненнямі з Польскім каралеўствам. У адваротным выпадку ён не мог разлічваць на дапамогу ягелонскага войска. З гэтых прычын гаспадар Стэфан склаў ленную прысягу каралю Казіміру Ягайлавічу, што адбылося ў Каламыі ў 1485 г. На падставе заключанага пагаднення Стэфан абавязваўся быць саюзнікам польскага караля і аказваць яму пры неабходнасці ваенную дапамогу. Ён абяцаў не распачынаць вайны і не заключаць міру без узгаднення з польскім манархам. Той са свайго боку павінен быў бараніць Малдавію перад любым ворагам. Кароль абавязваўся аказаць любую дапамогу ў выпадку, калі б гаспадара скінулі з трона. Як ужо згадвалася, да сутыкнення польскага войска з туркамі не дайшло. Дакладных прычын такога развіцця падзей мы не ведаем. Так ці інакш, Казімір даў Стэфану некалькі тысяч наймітаў пад камандаваннем Яна Карнкоўскага. Пры іх чынным удзеле гаспадару ўдалося разбіць туркаў у лістападзе 1485 г.
Тымчасам Турцыя пачала пагражаць польскай дзяржаве з іншага боку. Пасля захопу Кафы яна падпарадкавала сабе прычарнаморскіх татар, якія стварылі Крымскае ханства. Ужо ў 1482 г. татары здзейснілі балючы набег на ўсходняе памежжа Польшчы. 8 верасня 1487 г. супраць новага набегу татар выступіў Ян Ольбрахт, разбіўшы іх пад Копыстырынем на Падоллі. Аднак ён не мог забяспечыць сваёй дзяржаве трывалай бяспекі з гэтага боку. Да таго ж, крымскія татары сталі саюзнікамі Масквы ў змаганні з Літвой і Польшчай. Такая сітуацыя схіляла Казіміра Ягайлавіча да пошуку партнёраў сярод прыволжскіх татар. Новыя клопаты з’явіліся ў 1487 г., калі малдаўскі гаспадар Стэфан Вялікі заключыў мір з Турцыяй, абавязваючыся плаціць высокія штогадовыя “памінкі”. Падпарадкаванасць Малдавіі Польшчы была скасавана. З гэтага часу гаспадар імкнуўся лавіраваць паміж Польшчай, Турцыяй і Венгрыяй. У выніку Малдавія стала ў бліжэйшыя гады полем саперніцтва трох дзяржаў. Пад канец свайго жыцця, у 1489 г., Казімір Ягайлавіч забяспечыў Польшчу двухгадовым перамір’ем з Турцыяй. Яго дзеянне ў наступныя гады працягвалася.
Ваеннае рашэнне турэцкай праблемы прадпрыняў Ян Ольбрахт. Да гэтага яго штурхаў не толькі