Пры такім унутраным раскладзе шмат залежала ад асобы караля. Важнымі чыннікамі былі яго актыўнасць, паслядоўнасць і вытрыманасць пры дасягненні пастаўленых мэтаў. Ян Ольбрахт быў уладаром энергічным і прадпрымальным. У яго палітычныя планы ўваходзіла паскарэнне працэсу фарміравання вальнага сойма. Заканадаўчая ўлада, праўда, фармальна належала соймікам, а сойм з’яўляўся толькі месцам, дзе ўзгадняліся іх ухвалы. Аднак у часы Яна Ольбрахта досыць відочна праявілася тэндэнцыя перавагі сойма над соймікамі. Гэта падкрэсліваў уступ да ўхвалаў Пётракаўскага сойма 1496 г. У ім гаварылася, што соймавыя паслы прадстаўляюць усё Польскае каралеўства і маюць паўнамоцтвы выступаць ад усіх шляхцічаў, непрысутных на сойме. Такая пастаноўка справы стварала магчымасць прадстаўнікам шляхты прымаць рашэнні ў дачыненні да іншых сацыяльных слаёў. Адначасова паслы былі дапушчаныя ў сферу ўладных паўнамоцтваў манарха, які з гэтых пор рабіўся рэпрезентантам дзяржавы. Можа здавацца, што гэта паслабляла становішча караля за кошт узвышэння арыстакратыі і шляхты. Аднак на практыцы стваралася магчымасць узмацнення каралеўскай улады, у прыватнасці ў адносінах да сената, дзе засядала магнатэрыя. Кароль разам з пасольскай ізбой прымаў рашэнні, звяртаючыся да меркаванняў сваіх радцаў, але не быў вымушаны ім падпарадкоўвацца. Уладару належала перадусім выканаўчая ўлада. У яго задачы ўваходзіла выкананне тых ухвалаў і пастаноў, якія прыняў сойм. А сойм цяпер вырашаў справы, якія датычылі скарбу, адміністрацыі, судовай сферы. Гэта азначала, што фактычна абшар каралеўскай улады значна пашырыўся. Відавочным было абмежаваннеўплываў урадніцкай іерархіі ў выглядзе каралеўскай Рады. Менавіта яна раней кантралявала і запавольвалаажыццяўленне каралеўскіх пачынанняў.
Іншыя ўхвалы Пётракаўскага сойма 1496 г. аказаліся не менш знамянальнымі для кансалідацыі шляхецкага саслоўя, чым згаданы ўступ да іх. Напачатку былі пацверджаны ранейшыя прывілеі шляхты. Надзвычай важнымі для агулу шляхты сталі рашэнні, прынятыя ў дачыненні да сялян. Перадусім хвалявала пытанне ўцёкаў сялян за мяжу. Было пастаноўлена, што з кожнай вёскі толькі адзін селянін зможа раз у год пакінуць месца жыхарства. На сойме таксама вырашылі, што толькі адзін з сялянскіх сыноў мог прысвяціць сябе рамяству ці навуцы. Гэтыя ўхвалы выразна мелі на мэце павелічэнне колькасці рук, здольных да працы ў сельскай гаспадарцы і, як наступства, садзейнічаць росту вытворчасці ў шляхецкіх фальварках. Шляхта была вызвалена ад выплаты мыта на Вісле. У значных маштабах былі абмежаваны правы мяшчан. Сойм рэкамендаваў, каб кошты на тавары на гарадскіх рынках вызначалі ваяводы. Вясковых жыхароў