Варта ў гэтым месцы адзначыць, што фальваркі атрымалі развіццё перш за ўсё ва ўладаннях шляхты, перадусім яе “сярэдняга класу”. Інакш выглядала справа ў каралеўскіх і духоўных маёнтках, а таксама на дварах заможнай шляхты. Там фальваркі выступалі адназначна радзей, што было звязана з цяжкасцямі непасрэднага надзору. Развіццё свецкай уласнасці адбывалася па-рознаму ў кожным з рэгіёнаў Польшчы. Тэрыторыя Вялікапольшчы была заселена ў большасці земскімі ўласнікамі, якія валодалі адной вёскай, хаця, натуральна, здараліся і выпадкі, калі адзін уладальнік меў некалькі, а то і не адзін дзясятак вёсак. У Мазовіі існавала дробная зямельная ўласнасць, дзе аднаму ўладальніку магла належаць толькі частка сяла. Найбольш вялікія ўладанні знаходзіліся ў Малапольшчы. Феадалы з гэтай правінцыі атрымлівалі велізарныя масівы зямель, якія налічвалі дзясяткі вёсак, у прыватнасці, на Украіне. Можна, аднак, прыняць, што ў асноўным на тэрыторыі ўсёй краіны пераважалі шляхецкія маёнткі, якія складаліся з адной вёскі. Такая шляхта нагадвала сваім ладам жыцця хутчэй разбагацелых сялян.
Нягледзячы на аднолькавае прававое становішча, канец XV – пачатак XVI ст. характарызаваўся сур’ёзнымі адрозненнямі ў маёмасным стане сельскага насельніцтва. Некаторыя гаспадары валодалі больш чым адным ланам зямлі. Солтысы гаспадарылі на яшчэ большых абшарах. Каля іх у той жа час усё часцей узнікалі групы малазямельных альбо беззямельных сялян – загроднікаў і каморнікаў. Яны часта зараблялі на жыццё некантраляваным сельскім рамяством, наймаліся на працу як у шляхецкія маёнткі, так і да заможных сялян, млынароў ці карчмароў. Вельмі распаўсюджанай стала з’ява выкарыстання пакінутых угоддзяў заможным сялянствам. Такія гаспадары распараджаліся вялізнымі масівамі апрацаваных зямель, пераўзыходзячы нярэдка сваім багаццем дробную шляхту.
Фарміраванне і ўмацаванне фальваркава-паншчыннай гаспадаркі, зразумела, паўплывала на эканамічныя адносіны ў гарадах. Скіраванне высілкаў значнай часткі насельніцтва на сельскагаспадарчую вытворчасць не спрыяла, аднак, паўнавартаснаму развіццю іншых галін. Мяшчане прадпрымалі ўласныя гаспадарчыя ініцыятывы ці працягвалі ісці далей па выбраным шляху. На гэта ўплываў агульны рост дабрабыту. У прынцыпе, без праблем развівалася рамесная вытворчасць. Шляхецкі кантроль над цэнамі на рамесныя тавары, які функцыянаваў на падставе ўхваленых у 1496 г. ваяводскіх