Узгадаўшы выраз прыгожага тварыка Лады пасля тых яе, Ларысы, слоў – суайчынніца глядзела на яе з грэблівым спачуваннем, як на прыдуркаватую, – яна адкінула мабільнік убок. Ну, давай жа, напруж розум, дзе можа быць стары, дзе? Пальцы дробна трымцелі. Пэўна, давядзецца, як ні круці, звяртацца ў паліцыю, хоць тутэйшая паліцыя выклікае ў яе проста-такі генетычны страх. Раптам яна ўзгадала, што сёння – дзявятага мая, і адразу ж убачыла ў паштовай скрыні мясцовы часопіс на рускай мове: часопіс, які выдаваўся былымі аўтахтонамі СССР, прыходзіў з нямецкай дакладнасцю на дзявяты дзень месяца. Спачатку механічна, а потым з цікавасцю прынялася шукаць на старонках матэрыялы, прысвечаныя той вайне, але… нічога не знайшла. Прагартаўшы хутка ўвесь дабраякасны глянец, зазірнула ў рубрыку «Май шмат год таму: хроніка месяца» (не можа быць! хаця б тут, адным радком!), адшукала сённяшнюю дату і з узрастаючым здзіўленнем прачытала, што 9 мая 1964 года на вяршыні амерыканскага хіт-парада апынуўся «вялікі Луі Армстронг з песняй «Hello, Dolly». І ўсё…
Автор: | Коллектив авторов |
Издательство: | Аверсэв |
Серия: | Сучасная беларуская лiтаратура |
Жанр произведения: | |
Год издания: | 2023 |
isbn: | 978-985-19-7109-7 |
ўжо, што дарэмна завяла тую размову, яна – хутчэй не Ладзе, а самой сабе – паспрабавала растлумачыць: калі яе бабуля з трыма дзецьмі хавалася ў балоце, па пояс у ледзяной жыжцы, а паліцаі з айнзацгрупы і нямецкія салдаты, папярэдне запусціўшы ў вёску чырвонага пеўня, прачэсвалі лес, метр за метрам, і ў кожнага салдата на поясе вісеў кацялок (бабуля потым усё жыццё не магла чуць рытмічнае звяканне лыжкі аб металічны посуд), самы маленькі раптам заплакаў, і яна сунула яму ў рот смочку; але дзіцёнак працягваў пішчаць, а яна ўсё пхала і пхала яму ў рот грудзі, пакуль той не замаўчаў канчаткова, як высветлілася – задыхнуўся. «Затое мой бацька і ягоны брат дзякуючы гэтым пустым, без малака грудзям, што аказаліся ўсё ж дастаткова важкімі, каб абарваць дыханне двухмесячнай істоты, засталіся жывыя. Дакументы бацькі згарэлі ў хаце ў час той аблавы, а метрыкі памерлага немаўляці цудам захаваліся. Жывы пражыў жыццё па дакументах мёртвага. У маім імені па бацьку – імя нябожчыка, які не мог мець дзяцей, бо сам памёр ва ўзросце малечы. І цяпер, калі кармлю ды пераапранаю Ганса, я ўвесь час думаю: а раптам ён быў у тым лесе?» – «Ты гэта што – сур’ёзна? Зусім ад’ехала? – Лада глядзела на яе не разумеючы. – Пры чым тут твая бабуля? Я ўвогуле не ўрубаюся, якога хрэна загружаеш. Калі ўжо надумала кінуць Ральфа, так і скажы. Згодна з табой, бабла ў яго малавата… – Лада нахілілася да яе і панізіла голас. – Я тут з адным немчуронкам з Гановера ў Сеціве пазнаёмілася, кру-у-утызна! Пэўна, звалю я ад Эдвіна, але пакуль што – маўчок. Ужо дамовіліся з Германам разам кватэру пяціпакаёвую здымаць. Але ж я разумная – сваю частку кватэры буду аплочваць сама, каб не страціць аліменты, хе-хе, ад былога мужа!» Лада адкінулася на спінку крэсла, выцягнула ментолавую цыгарэтку. «Люблю марыць… эх, калі б раптам падваліла куча бабак… я б купіла сабе домік на грэчаскім востраве… а ты?» – «Я б аплаціла вучобу дачкі ва ўніверсітэце і… паставіла на месцы той спаленай вёскі камень…»