Аднойчы ён уразіў яе тым, што ў час навальніцы, пачуўшы грукат грому, забіўся ў кут рабочай каморкі, накрыўся з галавой плеценым кашом для бялізны, і калі яна прыйшла за ім, спрабаваў і яе пасадзіць пад кош, выкрыкваючы пры гэтым поўную бязглуздзіцу. Зазірнуўшы ў размоўнік, яна не знайшла нічога падобнага, і толькі ўвечары Ральф, які ўсё ж чытаў тое-сёе пра вайну, растлумачыў, што сталінскім арганам нямецкія салдаты называлі савецкія рэактыўныя ўстаноўкі, – яна, якая таксама тое-сёе чытала і мела па гісторыі, а як жа, пяцёрку, здагадалася, што гутарка ідзе пра знакамітыя «кацюшы». Вось так яна, сядзелка, вучылася разумець свайго хворага…
Менавіта тады ён пачаў размаўляць з люстэркам у сваім пакоі – на астатнія чамусьці не рэагаваў. Днём, узняўшыся па лесвіцы на другі паверх і не знайшоўшы яе там (хаця яна сядзела тут жа, з вязаннем альбо кнігай), ён адпраўляўся да сябе, да старога трумо з трыма люстэркамі, і неўзабаве адтуль ужо даносіліся рыпучыя гукі заезджанай кружэлкі. Прынамсі, у Ганса з’явіўся субяседнік, жартаваў Ральф, дый яна напачатку была задаволеная, што хворы не чапляецца да яе з размовамі. Ганс жа настойліва намагаўся запрасіць «старога з люстэрка» за абедзенны стол, употай адносіў «яму» то шклянку ліманаду, то яблык, а аднойчы абяззбройвальна выклаў на трумо ўсё капеечнае змесціва свайго кашалька. Вось тады да яе і дайшло: ён канчаткова страціў уяўленне пра ўласны ўзрост.
А неўзабаве – гэты дзень Ларыса памятае выдатна – яна заспела хворага, калі ён расказваў люстэрку пра вайну: Ганс – салдат, маладзенькі радавы, казаў ён пра сябе чамусьці ў трэцяй асобе, толькі паспеў прыбыць у рэйхскамісарыят Остланд, як пачалося адступленне, гэта сапраўдная Hölle, менавіта – пекла, ён увесь час моліцца, каб яго паранілі, бо хоча да мамы… А калі ён, каверкаючы, вымавіў