Песня пра Цімура. Carmen de statura feritate ac venatione Timuris. Андрэй Адамовіч. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Андрэй Адамовіч
Издательство: Электронная книгарня
Серия:
Жанр произведения: Зарубежные детективы
Год издания: 2019
isbn: 978-985-7210-30-5
Скачать книгу
за наступны фільм Андрэя Куцілы. Але і Агата не хацела так проста адступаць. Калі ўсе выпілі, яна голасна сказала:

      – Вы, натуральна, геній, але дазвольце Віталю расказаць, што ён даведаўся пра Цімура, – і ваш новы фільм будзе пра Хоміча, бо праўду кажу вам: гэта геніяльны паэт.

      – Калі вы так хочаце, каб Віталь распавёў пра Хоміча, хай распавядае, я ўжо стаміўся слухаць пра свае мінулыя і будучыя фільмы.

      – Спадарства, – пачаў Віталь Рыжкоў. – Я сказаў у прысутнасці Агаты, што даведаўся тое-сёе з мінулага Цімура Хоміча, і гэта праўда, хаця прызнаюся, што не магу прадставіць вам нешта ўнікальнае, здаецца, кожны ў Менску ведае гэтыя акалічнасці жыцця Цімура.

      – Я так даўно не была ў Беларусі, – какетліва перабіла яго Агата і закаціла вочы. У выкананні порназоркі гэтая пошласць выглядала нават мілай.

      – Пачну з таго, што Цімур нарадзіўся не ў сталіцы, але ў Салігорску – горадзе, дзе людзі ўгрызаюцца ў зямлю, уздымаючы на дол угнаенні, каб трава ў Індыі і Кітаі расла лепш. У дзяцінстве ён не раз спускаўся ў забой і мусіў бы стаць шахцёрам, але замест гэтага вырас камуністым.

      Спадарства, кожны, хто спусціцца там пад зямлю, пачуе штосьці вельмі спецыяльнае, там людзі не метафарычна, але абсалютна рэальна сядзяць у пекле для таго, каб капітал рос. Аднаго разу ў Хоміча атрымалася застацца ў забоі аднаму – пад зямлю яго спусціў стрыечны брат-маркшайдар і пакінуў на тры гадзіны. Цімур ішоў у поўнай цемры забоем, трымаючыся рукою за гіганцкія сухія крышталі – соль здавалася касмічным артэфактам, які ўбірае не толькі вільгаць, але і само жыццё з тых, хто спускаецца ў забой.

      Цімур уяўляў, як выглядае радовішча цалкам: гіганцкія лінзы на месцы старажытных азёр, падобныя да лятучых талерак або да каравякоў, схаваныя глыбока пад глінай, пяском і вапняком.

      Шмат хто адчувае вусціш майскім вечарам у палётах хрушчоў або жнівеньскай ноччу пад зорамі, але Цімур спазнаў увесь жах быцця там – на трыста метраў глыбей за паверхню, у паветры сухім, як подых Багдановіча, думаючы пра людзей, якія вырылі гэтыя калідоры, якія рызыкавалі жыццём незразумела дзеля чаго і навошта, ён адчуў на далонях іх мазалі, ён узіраўся ў цемру іх збалелымі вачыма.

      Паверце, спадарства, Цімур не баяўся там, пад зямлёю, у яго сэрцы не было ні каліва страху, толькі ўсмешка на вуснах, хаця ніхто б не здолеў яе разглядзець у поўнай цемры.

      Прайшоўшы метраў з пяцьдзясят, ён спыніўся (ходу далей не было або Цімур проста не хацеў рухацца наперад – не важна), ён сеў пры сцяне і запаліў. Будучы паэт адкінуў галаву да сцяны і адчуў, як дзесьці далёка іншыя людзі, якіх ён не ведаў, але ж, напэўна, сустракаў на вуліцах роднага горада, ламалі пароду. Ён прасядзеў так, косткамі слухаючы, што робіцца дзесьці далёка, у іншым рудніку, усе тры гадзіны. Хоміч чуў выбухі, дробную вібрацыю ад адбойных малаткоў, раўнамерную хаду ваганетак, нават крокі працоўных – яны былі далёка, у іншай шахце, але гукі пад зямлёй распаўсюджваюцца зусім не так, як на паверхні.

      Ён сядзеў пад зямлёй і думаў пра гэтых людзей, пра тое, што яны робяць са сваім жыццём,