Праведная галеча. Франс Эмиль Силланпяя. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Франс Эмиль Силланпяя
Издательство: Электронная книгарня
Серия: Noblesse Oblige
Жанр произведения: Зарубежная классика
Год издания: 1919
isbn: 978-985-7210-28-2
Скачать книгу
вочы. Бацька – гэта страшнаватая істота… А той усё ўсміхаецца і мітусліва штосьці шукае па кішэнях, вымае з-за шчакі кавалак зжаванага тытуню і ляніва, нібы гуляючы, запіхвае смярдзючую жвачку хлопчыку ў рот. Малы не адважваецца супраціўляцца, сілы на тое ў яго няма, ён толькі крывіць рот у надрыўным плачы. П’яны стары Пеньямі задаволены сваім паскудным жартам. Гэта ж Маін сын… Тут у п’янтоса прачынаецца дзікае жаданне ўчыніць што-небудзь кепскае і самой Маі. Ён ніяк не можа ўспомніць, ці лупцаваў ён калі як след гэтую Маю. Раней у яго былі дзве жонкі, і стары ўжо не памятае, чым ён «частаваў» кожную з іх.

      Мая ўваходзіць у хату якраз тады, калі Пеньямі сілком спрабуе засунуць свой замазаны тытунём палец у рот малому. Яна падыходзіць, намерваючыся ўзяць хлопчыка і паставіць яго на падлогу. Жанчына бурчыць:

      – Чаго ты зноў нажлукціўся…

      У адказ Пеньямі раве старэчым голасам, знарок распальваючы сваю лютасць:

      – Сціхні, баб’ё! – і адштурхоўвае жонку.

      – Што ты будзеш жэрці налета, п’янюга ты паганы! Адчапіся ад хлопца!

      – Замаўчы, праклятая карова! – крычыць Пеньямі і ў шаленстве паварочваецца да Маі.

      Тады Юсі саскоквае з прыпечка так шпарка, ажно нешта хрусціць у пятцы, і, выціраючы запэцканы тытунём рот, выбягае на двор. Змяркаецца. Праз вароты ў двор заходзіць муж павітухі Тааветці з вялікім берасцяным куфэркам пад пахай.

      – Ці дома бацька? – пытаецца ён сіпатым голасам.

      Юсі не адказвае. Ён назаўсёды застанецца ў памяці Тааветці гэткім няветлым паскудным падшыванцам. Тааветці прынёс старому Пеньямі тытуню, бо ў таго самасад панішчылі замаразкі.

      Счакаўшы кароткі час, Юсі ціхенька крадзецца ў хату.

      – Добрая ў цябе баба, – кажа Пеньямі, заціснуўшы адкрытую табакерку паміж каленяў. – Хэ, я ж ведаю тваю бабу лепей, чым ты сам.

      – Вядома, тут ты ў нас вялікі знаўца, – сіпіць Тааветці. – А ці ведае гаспадар, як зіму перажываць будзем?

      – А мне напляваць на тое, я пра тваю бабу кажу. Ты яе хоць раз адлупцаваў як след ці не?

      У хату зноў уваходзіць Мая. Пеньямі скоса глядзіць на яе і заўважае Юсі.

      – А гэты паўшабэлак усё яшчэ тут? А во табе тытуню! – у строгім голасе чуюцца добразычлівыя ноткі, але Юсі на ўсялякі выпадак паціху адсоўваецца да дзвярэй. Мая выходзіць, гучна грукнуўшы дзвярыма.

      – Што!!! Ды я цябе!!! – захліпваецца шалёным крыкам Пеньямі, ускаквае, але не кідаецца следам за жонкай, а бяссільна апускаецца на лаву.

      А Тааветці зноў за сваё:

      – А-а-а… Што ні кажы, а ліхая сёлета будзе зіма. Хоць у Нікілі яшчэ ёсць крыху жыта…

      – Нечага тут скавытаць, хадзем лепей вып’ем, – сярдзіта перапыняе яго Пеньямі.

      Тааветці ахвотна ідзе следам за гаспадаром, бо выпіўка – гэта куды лепей, чым скаргі на дрэнны ўраджай, шкада толькі, што стары нічога пра тое не кажа. Абодва падымаюцца ў каморку пад самым дахам.

      Падзеі таго дня так глыбока запалі ў памяць малога