Аапелі ўжо каторы вечар майструе сані. Хлопчык Кустаа, пакуль няма даручэнняў, водзіць носам на лаўцы. А вось і сама гаспадыня Мая, прыходзіць, бярэ на рукі малога і, пакінуўшы астатні клопат, дае яму цыцку. Юсі ідзе ўжо трэці год, але ад матчыных грудзей яго пакуль што не адвучылі.
Мая ўмее гаспадарыць. Яна загадвае Кустаа і Марке чытаць. Кустаа адразу дастае свой катэхізіс, а Марке марудзіць. «Во пачакай, прыйдзе бацька», – пагражае Мая.
Толькі Кустаа пачаў: «Адказ: Каб вызваліцца ад састарэлага Адама, які штодзённа пасяляецца ў нас… а… а… а… і разам з тым раскаяцца… а… а… а… і ачысціцца ад кепскай пажадлівасці… а… а… а… і ўзняцца…», як Аапелі бесцырымонна перабіў яго: «Малец! Хадзі-тка пасвяці мне!»
Шуршыць гэблік, ціха гудзе калаўрот, аднастайна гучаць пытанні-адказы катэхізіса. А тут у хату ўвайшоў Пеньямі з абярэмкам дроў і моўчкі ўзяўся шчапаць лучыну. Сёння ён быў цвярозы цэлы дзень, і таму ў вачах усіх прысутных выглядаў больш прыстойна, чым заўсёды.
Праз некалькі гадзін усе гэтыя рознаўзроставыя чалавечыя істоты будуць спаць глыбокім сном. Бязмежная, непраглядна цёмная ноч цяжка дыхае вакол іх і, нібыта самая мудрая на свеце істота, глядзіць на гэтых неразумных людзей, якія бездапаможна боўтаюцца ў неабсяжным моры часу. Шасцідзесяцігоддзе, якое нясе з сабой грознае наканаванне лёсу, пачалося, але гэтыя людзі за стракатаннем цвыркуна не чуюць ягонага цяжкога поступу. Сямёра толькі ўдыхаюць і выдыхаюць паветра ў цеснай хаце.
Малы Юсі дыхае ледзь чутна. Ён нарэшце супакоіўся і заснуў каля матчыных грудзей, а потым яго паклалі ў смярдзючую калыску. Там і ляжыць ягонае маленькае цельца, і дзіця, само таго не ведаючы, ужо імкнецца па моры часу насустрач сваёй далёкай даросласці і яшчэ больш аддаленай старасці ды нікому не вядомай смерці, пасля якой усё будзе па-ранейшаму нязменным, а бераг мора часу так і застанецца нябачным і недасяжным. Гэта малое цельца з плоці, крыві, касцей. Але і яно ўжо на пачатку свайго нялёгкага шляху насустрач смерці.
У ягоных касцях ужо ідзе нейкае пакуль што нікому не бачнае пераўтварэнне, якое выяўляецца толькі ў скрыўленых нагах і бугрыстых нарасцях на галаве.
А калі цемра гусцее, з кутка калыскі вылазіць клоп і надзвычай спрытна пачынае поўзаць у прасцінах, пакуль не дабіраецца да мэты. Звесткі пра тое няспынна ідуць у чуйныя клеткі мозга. Калі ж паток звестак ускіпае, тады пачынае гучаць далёкі голас, абуджаючы сваімі хвалямі таемную дзейнасць у галовах заснулых людзей. Але толькі адзін з іх адгукаецца на гэты кліч.
Мая ўстае, працірае запаленыя вочы, пачухвае бок і, пакінуўшы храпучага Пеньямі, ідзе да малога. Маці гушкае дзіця, але той не супакойваецца, а крычыць яшчэ мацней. Тады Мая нахіляецца над калыскаю і раздражнёна дае сыну цыцку.