© Выданне на беларускай мове, афармленне. Выдавец А. М. Янушкевіч, 2019
© Афармленне і распаўсюджванне e-book
ТАА «Электронная кнігарня», 2020
Тойвала Юсі, Юха, Янэ, а паводле царкоўных кніг – Ёхан Абрахам, сын Беньямінаў, быў старым, страхалюдным чалавечкам. У апошнія гады ягоную галаву ўпрыгожвала вялізная лысіна, вакол якой з-пад шапкі кучаравіліся ніколі не стрыжаныя кудлы. На твары, падобным да морды дваровага цюцькі, праз густое шчацінне выдзяляўся толькі востры, нібы птушыная дзюба, нос. Густая поўсць вілася і вакол вачэй, зацененых краямі капелюша, і адтуль свяціліся толькі дзве вострыя кропачкі, у якія прыстойныя людзі не надта імкнуліcя заглядваць. Пэўным людзям не хочацца заглядваць у вочы, але зусім па іншых прычынах, чым у вочы Юсі Тойвалы. У ягоных вачах не было нічога пагрозлівага і змрочнага, наадварот – у яго позірку праглядвалася лёгкая добразычлівая ўсмешка. Аднак было ў ягоных вачах нешта вар’яцкае, а што можа больш гнясці чалавечую душу, чым усмешка вар’ята, бо гэтая ўсмешка спачувальна гаворыць аб усёведанні таго, у чым чалавек нізашто не хоча прызнавацца нават самому сабе. Во тады і чакай, што гэты прыдурак возьме ды прылюдна выкажа што-небудзь такое. Але Юха Тойвала не быў вар’ятам, і, хоць меў чэзлы розум, душа ягоная была ў поўным парадку і раўнавазе. Мясцовыя заможнікі лічылі яго вялікім прайдзісветам і заўзятым баламутам-завадатарам. А калі празналі, што ў час паўстання ён удзельнічаў у жорсткім забойстве, нядоўга думаючы, вынеслі яму заслужаны вырак. І егер, якому даручылі правесці ачышчальную работу, аднойчы вясновай ноччу абарваў ягонае бязладнае жыццё, а разам з ім прыкончыў яшчэ восем такіх жа гаротнікаў.
Смяротныя прысуды агаломшылі ўражаных вяскоўцаў, якім раней нічога падобнага і ў галаву не прыходзіла. Першымі днямі пра іх гаварылі прыцішана і толькі дрыготкімі галасамі. Што ж да Юсі Тойвалы, дык ягоны канец вызначыўся адной маленькаю акалічнасцю, успамінаючы якую, міжволі ўсміхнешся – так гэта было характэрна для Юсі. Паўстанцаў расстрэльвалі на могілках, паставіўшы каля загадзя выкапанай магілы. І сталася так, што Юсі быў апошні. А калі надышла ягоная чарга, дык Юсі не стаў ля магілы, а ўлёгся, выцягнуўшыся ва ўвесь рост, на трупах забітых перад ім – маўляў, ну во, я гатовы. У тым і быў увесь Юсі. Аднак яму загадалі падняцца, паставілі каля ямы і толькі пасля таго расстралялі.
«На вайне трэба адчуваць асалоду ад забойства – іначай вайну не выйграць», – пісаў адзін фінскі чарнільны ваяка (вылучэнне ягонае), і магчыма, тое была праўда.
Аднак калі быць дакладным, вайна сама па сабе – гэта нішто, а ўсяго толькі нейкі момант, што лучыць лёсы як асобных людзей, так і цэлых груповак. Вайна сціхае, а чалавечыя лёсы становяцца каштоўным скарбам людзей, якія ваявалі, але засталіся сярод жывых. Неўзабаве пасля ўсіх бітваў для чалавека ў душы настае такі момант, калі ягоны ўнутраны позірк болей не жадае затрымлівацца на такіх другасных і нязначных рэчах, як цялесныя пакуты, бруд, голад і няўмольная жорсткасць, а няспынна імкнецца пранікнуць глыбей, туды, дзе ўсё застыла ў знямелай нерухомасці. Там ніхто не бывае вышэйшым або лепшым за другога, там усе роўныя, бо выяўляюцца акалічнасці, датычныя ўсіх праціўнікаў, аб чым ніхто з іх раней не меў ніякага ўяўлення. Нябожчыкі ўстаюць і здзіўляюцца, чаму іх пахавалі ў розных магілах, яны ніяк не могуць спасцігнуць, што гэта значыць. Там Юсі Тойвала і егер – старыя знаёмыя, бо егер аднойчы вясновай ноччу недзе ў іншым месцы, у тым пакінутым свеце, расстраляў Юсі. Вядома ж, гэта адбылося зусім выпадкова, бо тады ён не зразумеў, які напраўду добры чалавек гэты Юсі.
Раздзел І
Нараджэнне і дзяцінства
Юха Тойвала паходзіў з сялян, хоць мала хто з цяперашніх маладых ведаў пра тое, ды ніхто і не цікавіўся ягоным паходжаннем. Але да нашых дзён у двух-трох прыходах ён меў заможных і паважаных родзічаў, хоць яны болей чужаліся, чым радніліся, і Юха не ўспомніў пра іх нават тады, калі трапіў у бяду з прычыны свайго бунтарства.
Ён нарадзіўся ўвосень 1857 года ў адным з прыходаў на паўночным усходзе правінцыі Сатакунта, на хутары Нікіля вёскі Хар’якангас. Адбылося гэта ў пятніцу вечарам напярэдадні дня Міхаіла Архістратыга. Прадчуванне восеньскага свята агарнула сядзібу, змешваючыся з дзіўнай саладжавасцю, што праменілася ад парадзіхі.
Уранні ішоў даволі моцны дождж, але адвячоркам раз’яснела, заблішчалі пад сонейкам стракатыя купкі бяроз ды асін, ажывілася зеляніна самотных елак. Пяцідзесяцігадовы Пеньямі, гаспадар хутара Нікіля, кволы мужычок з жоўтым ад тытуню падбароддзем, хістаючыся, спусціўся з гарышча ў двор. На ім была даўгаполая неахайная сярмяга, апаясаная скураным рэменем; і сярмяга, і кашуля пад ёю былі расшпілены зверху данізу, адкрываючы чырвоныя кашчавыя грудзі асенняму ветрыку. Чалавек паціху згасаў, жыць яму заставалася нядоўга. Стары ў зношанай сярмязе, ціхае булькатанне самагоннага апарата ў прысценку – усё гэта спалучалася ў нейкую лагодную гармонію, якая драмала ў спарахнелых кутах хаты і ў зарослай пахкай травою прызбе. Пеньямі быў жанаты трэці раз, і цяпер ягоная жонка нараджала сваё першае дзіця. Успацелая баба-павітуха ў адной кашулі несла ваду з прысценка ў лазню. Убачыўшы, што Пеньямі ідзе