Ордэн Прамяністых. Зміцер Дзядзенка. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Зміцер Дзядзенка
Издательство: Электронная книгарня
Серия:
Жанр произведения: Исторические детективы
Год издания: 2020
isbn: 978-985-7210-48-0
Скачать книгу
маёмасць… Гэтак жа лёгка, як прыйшла яна да праваслаўных, так і сышла ад іх, калі бальшавікі адлучылі царкву ад дзяржавы і сіламоц забралі ладную частку царкоўных багаццяў. Казалі, што настаяцель царквы, які не хацеў пускаць узброеных чэкістаў у будынак, цяпер сплаўляе лес недзе ў далёкіх халодных лагерах.

      Апошнія некалькі гадоў у старасвецкім будынку размяшчаўся гістарычны музей, і надзеі, што ў ім зноў загучыць царкоўны распеў, не было. Бадай што, адзіныя сакрэты, якія ў гэтых мурах сяліліся цяпер, датычылі экспанатаў гістарычнага музея ды нешматлікіх супрацоўнікаў гэтай установы, якой і кіраваў Хлюдзінскі.

      Яго высокая фігура настолькі пасавала гэтаму ўзнесенаму над горадам будынку, што было цяжка ўявіць, як Хлюдзінскі можа змяшчацца ў памяшканнях з невысокімі столямі.

      …Андрэй Камар з удзячнасцю паглядзеў на гаспадара:

      – Разумееце, ёсць такая супольнасць людзей… Невялікая група. Не тое каб нейкая там арганізацыя – куды там! Проста такі нібыта клуб, дзе збіраюцца аднадумцы, абмяркоўваюць розныя пытанні…

      Ён замаўчаў, падбіраючы выразы. Антон не прыспешваў госця, разумеючы, як таму складана цяпер, і не жадаючы неасцярожным словам збіць яго з тропу.

      – Вы толькі не смейцеся, але мы там абмяркоўваем пытанні маральныя. Пытанні маральнага выбару, напрыклад, – нечакана прызнаўся малады чалавек. – Я разумею, што ў будучыні перад чалавекам не павінна стаяць такое пытанне, бо камунізм адпрэчыць усялякія падставы для неабходнасці маральнага выбару. Мне і галоўны рэдактар нашай газеты так кажа. Чытай, кажа, метранпаж, газету, якую набіраеш, – палітычна падкоўвайся, а то не пусцяць цябе ў камунізм… Але мы пакуль што не ў камунізме, дый сам я не партыйны – у адрозненне ад таварыша рэдактара, а чалавек з ваганнямі. Пытанні ў мяне часта ўзнікаюць, на якія сам я адказы знайсці не магу…

      На наіўным твары Андрэя з’явіліся сарамяжлівыя чырвоныя плямы: ён бянтэжыўся таго, што не можа рашуча адпрэчыць усе свае пытанні і безаглядна рушыць у абяцаную светлую будучыню, калі, як сказаў бы паэт, камуністамі стануць усе людзі на Зямлі.

      Хлюдзінскі і не думаў дакараць юнака за гэтыя сумневы. Але ў вачах яго мільгануў цень неспакою: тое, пра што пачаў расказваць Андрэй, нібы прыадчыніла невядомыя дзверы, адкуль пацягнула пранізлівым холадам.

      – І вось Грацыян Пашкоўскі ў нас такі мэтр, як яго называюць на французскі манер, – чалавек вельмі абазнаны, начытаны. Ён столькі кніг прачытаў, столькі ўсяго ведае. Вы не ўяўляеце – ён на шасці замежных мовах можа гаварыць… Мог, – раптам сумеўся хлопец, згадаўшы нядаўнюю падзею. Голас яго набрыняў нявыплаканымі слязьмі.

      – Я чуў пра Пашкоўскага як пра эрудыта і вялікага разумніка. У нашым горадзе яму роўных, можа, і не было, – Хлюдзінскі палічыў неабходным падхапіць размову, каб юнак лягчэй справіўся з эмоцыямі. – Казалі, што ён вярнуўся з-за мяжы пасля рэвалюцыі, бо пры царызме яму за рэвалюцыйную дзейнасць турма пагражала. Але ж, здаецца, ён з меншавікамі быў, не?

      – Так, – Камар