– Мне здаецца, што падобных таямнічых гісторый, звязаных з Аршаншчынай, можна знайсці безліч, толькі мы пра іх нічога або зусім нічога не ведаем. Альбо вось бывае такое, што нехта валодае рэдкімі дакументамі, але не мае вашай здольнасці вынесці іх на публіку ў цікавым, белетрыстычным, можна сказаць, выглядзе. Так, каб усе толькі раты паразяўлялі і сказалі: «Ах!»
Ён утаропіўся ў твар Кміцічу, пільнуючы, ці заглынуў яго слухач старанна падрыхтаваную прынаду. І дадаў, панізіўшы голас:
– Што б вы сказалі, калі б я паказаў вам дакументы, якія распавядаюць пра гісторыю таемнага містычнага ордэна, які дзейнічаў у Воршы ў 20-я гады? Вас бы гэта зацікавіла?
Ва ўсмешцы на яго глюгастым твары Кміціч угледзеў паразу сваіх спроб адчапіцца ад вагоннай размовы.
З ПРЭСЫ
Янка Купала вярнуўся дамоў
На гэтых днях вярнуўся ў Менск з падарожжа па Заходняй Еўропе беларускі народны паэта Янка Купала. У гутарцы з нашым супрацоўнікам Янка Купала паведаміў наступнае:
– У Заходнюю Еўропу я паехаў галоўным чынам лячыцца і правёў паўтара месяца ў Карльсбадзе (Чэха-Славакія).
Мне давялося спаткаць там нашых пісьменнікаў: Гартнага, Чарота і Зарэцкага. Усе разам мы паехалі ў Прагу, дзе былі вельмі шчыра і ветла спатканы навуковымі і літаратурнымі коламі. Прафесары Адольф Чорны і Мурка мелі з намі гутарку, прычым вельмі цікавіліся станам сучаснай беларускай культуры. Некаторыя пражскія газеты змясцілі нашы фатаграфіі, гутаркі з намі і інш.
З Прагі Гартны, Чарот і Зарэцкі накіраваліся ў Парыж, адкуль праз Берлін і Рыгу маюць хутка вярнуцца ў БССР. У Латвіі нашы пісьменнікі маюць быць з візітам у латвійскага міністра асветы Райніса і наведаць Дзвінскую беларускую гімназію.
– Ці давялося вам пабываць у Заходняй Беларусі?
– Не, – адказаў Янка Купала. – Едучы назад, я спыніўся толькі на кароткі час у Варшаве і амаль нікога не спаткаў з беларускіх дзеячаў Заходняй Беларусі.
Савецкая Беларусь, 11 кастрычніка 1927 года
1927, кастрычнік
Высокая фігура Антона Хлюдзінскага нахілілася над сталом: прыўзняўшы накрыўку з заварніка, ён зазірнуў цікаўна ўглыб, вывучаючы змесціва пасудзіны. Ад водару, які тая выпраменьвала, на твары мужчыны з’явілася задавальненне – пахла і сапраўды смачна.
Антон наліў гарбату ў два кубкі, адзін з іх падсунуў бліжэй да госця:
– Спярша вып’ем гарбаты, а потым пагаворым… Як кажуць, чым багатыя!
Багацце на стале мусіла сімвалізаваць талерка з канапкамі – белы хлеб з маслам, а таксама паўлітровы слоік з клубнічным сочывам, густым, цёмна-барвовым.
Андрэй Камар акуратна выклаў сабе на канапку клубнічыну, выцягнутую са слоіка, і адкусіў. Расплюшчаная аб паднябенне ягада напоўніла рот летнім водарам, сакавітая слодыч быццам перадавала едаку свае ўспаміны пра сонца, затоеныя недзе ў глыбіні.
Цяпер гэтыя