– Муж аб’еўся груш. Не пускаў мяне сюды, мы пасварыліся, а што будзе далей, час пакажа.
– Муж ды жана – адна сатана. Перамелецца…
– Ды я не бядую, жыву адным днём. Мне добра тут. І гэтага дастаткова. Між іншым, Чыстыя Пруды ў сярэднявечча называліся Паганым Стаўком, мусіць, тут былі язычніцкія капішчы. Таму і ўбачыў Булгакаў тут розную нечысць.
Эма здзіўлена зірнула на Аду і спытала:
– Адкуль ведаеш?
– Чытала… У сярэдзіне XVI стагоддзя тут знаходзіўся Літоўскі двор, куды прыязджалі прадстаўнікі Вялікага Княства Літоўскага. Яго тэрыторыя была агароджана высокім плотам, ахоўвалася царскімі вартаўнікамі, так што жыццё паслоў трохі нагадвала існаванне вязняў. Нашы купцы прывозілі тавары на знарок створаныя Панскія і Смаленскія іншаземныя гандлёвыя рады, бо і Смаленск тады быў яшчэ ў складзе ВКЛ. Туды наведваліся не толькі маскавіты, але з’язджаўся люд і з ваколіц. У лютым 1584 года сюды прыбыў дваццацісямігадовы Леў Сапега на чале вялікага пасольства, згодна са звычаямі таго часу прывёз у падарунак Івану Грознаму пародзістых коней з пазалочанай збруяй, пістолі, срэбны посуд і іншыя скарбы. Зараз ужо дакладна не помню, што там было яшчэ. Дамову падпісаў, дзякуючы прыроднаму розуму, эрудыцыі і выхаванасці…
– Цікавішся гісторыя?
– Наша гісторыя мала вывучаная. Найчасцей яе пісалі гісторыкі суседніх дзяржаў, пры гэтым заўсёды «цягнулі коўдру на сябе». Часам браліся і нашы нешта даследаваць, але ім, ачмурэлым ад камуністычнай ідэалогіі, мала што ўдавалася. Аднойчы зацікавілася казацкіямі паходамі на Беларусь і вычытала ў гісторыі БССР, выдадзенай на рускай мове: прыйшоў казак Гультай, яго пабілі і прагналі; прыйшоў казак Налівайка, яго разбілі і знішчылі. У канцы рэзюмэ: паходы ўкраінскіх казакоў на Беларусь сведчаць пра дружбу ўкраінскага і беларускага народаў. Як табе такая дружба?
Эма засмялася, а Ада дадала:
– Беларускую гісторыю трэба вывучаць па першакрыніцах, а не па савецкіх падручніках.
Непрыкметна яны прыйшлі да сажалкі з мутнаю вадою, спыніліся, Эма паказала на будынак насупраць:
– Тут жыў Булгакаў. Можам зайсці ў пад’езд.
Расчынілі дзверы, увайшлі ў паўцёмную прастору лесвічнай пляцоўкі, убачылі сцены, спісаныя спрэс прыхільнікамі вялікага празаіка.
– Што робіцца! – ахнула Ада. – Гэта трэба так спаскудзіць жытло! Эма, калі-небудзь і твой пад’езд такім чынам размалююць!
– У нас дамафон, не атрымаецца. Пайшлі, пастаім ля дзвярэй. Калі яшчэ сюды збяромся…
Яны падняліся па прыступках, пастаялі на пляцоўцы. Ада падумала, што жыў на свеце выдатны пісьменнік Булгакаў, розныя палітычныя і сацыяльныя акалічнасці не дазвалялі яму існаваць вольна і шчасліва, п’есы не ставілі, кніжкі не выдавалі. А пасля, калі ён памёр, успомнілі, пачалі ствараць кінафільмы і ставіць п’есы, кніжкі выдаваць. Хоць бы хто яму на той свет занёс гэтую радасць! І сказала Эме:
– Шкада пісьменнікаў, якіх не любілі і не прызнавалі пры жыцці. Пры спрыяльных умовах яны зрабілі б значна