4
Увечары Ада прымасцілася ля акна, доўга пазірала на Астанкінскую вежу, якая высока ўздымалася над шчыльнаю забудоваю і свяцілася чырвонымі агнямі. Сачыла за чародкаю гарадскіх галубоў, што ў добра асветленым горадзе не спяшалі на спачын, а ўсё яшчэ прыляталі на дах пяціпавярховага дома насупраць, садзіліся, а потым зноў некуды ляцелі. Мусіць, яны прызвычаіліся жыць у вялікім горадзе і, пакуль хадзілі па вуліцах людзі, вышуквалі сабе нейкую спажыву.
Перад паездкаю ў Маскву Ада паабяцала сабе: не будзе ні шкадаваць аб мінулым, ні згадваць яго. Што было, тое мінула. Ды перажытае міжвольна вярталася, авалодвала настроем, перад вачамі ўсплывалі нейкія малюнкі, дыялогі, якія яна доўжыла і доўжыла, разважаючы з сабою ці з ім, Касьянам.
У іх сустрэчы было нешта містычнае. Яшчэ ў васямнаццаць гадоў прысніўся ёй неверагодна прыгожы хлопец з залацістымі валасамі і сінімі вачамі, быццам з тых міфічных Лятаўцаў, якія зоркамі спускаюцца на зямлю, ператвараюцца ў мужчын і жывуць між людзьмі, колькі здолеюць. У сне яна цалавалася з тым хлопцам пад зорным небам. Дзіўная рэч, ёй ніколі не сніліся эратычныя сны, а звычайна бачылася нешта звязанае з яе журналісцкай працай, усё яна некуды ехала ці ішла з мноствам незнаёмых людзей. Можа, таму гэты сон урэзаўся ў памяць. Ва ўсялякі момант магла заплюшчыць вочы і зноў убачыць таго Лятаўца, як жывога, быццам толькі што з ім развіталася.
Ада працавала, вучылася, прыглядалася да супрацоўнікаў і аднакурснікаў, але таго, якога прысніла, нідзе не сустракала. Бегала да нейкіх хлопцаў на спатканні, з некім сябравала, з некім ліставалася, але адчувала, што нікога не кахае так, каб раз – і назаўсёды. Мімаволі шукала прыснёнага, але нідзе яго не было. Таму і замуж згадзілася пайсці за Мечыслава пад націскам маці, што не бачыла вялікай розніцы паміж тымі хлопцамі, адзін з якіх патэнцыяльна мог стаць яе мужам. Прамінула шмат гадоў, перш чым лёс звёў яе нарэшце з Касьянам. Аднойчы летам яна ўбачыла афішу, на якой была выява барда з гітарай. Яна спынілася перад ёю, і сэрца закалацілася ад хвалявання. Гэта быў той самы хлопец, прыснёны ёю ў васямнаццаць гадоў. «Касьян Цымбалевіч. Аўтарскія і народныя песні, рамансы», – прачытала яна. Зірнула на дату. Канцэрт меўся адбыцца на наступны дзень у Палацы культуры шыннікаў, а таксама ў санаторыі, які знаходзіўся на Бярэзіне, побач з Бабруйскам.
Яна, супрацоўнік раённай газеты, мела магчымасць наведваць культурныя мерапрыемствы, якія адбываліся ў горадзе, без квітка. Сядзела ў шумлівай зале і з хваляваннем чакала барда. Людзі пачалі нецярпліва