Закон захавання кахання. Зінаіда Дудзюк. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Зінаіда Дудзюк
Издательство: Четыре четверти
Серия: Жаночыя лёсы
Жанр произведения: Современная зарубежная литература
Год издания: 2020
isbn: 978-985-581-273-0
Скачать книгу
гэта робіць, але, згадзіцеся, што непрыстойна будзіць жанчыну без прычыны. Калі вам нешта трэба са мною абмеркаваць, калі ласка, звяртайцеся не ў такі позні час. Прашу вас не рабіць так. Нечаканы стук не проста будзіць мяне, а палохае.

      – Мне таксама стукаюць, – сказала францужанка Наталі.

      – Так, так, – пацвердзіла югаслаўка Мірыям.

      – Бачыце, я не адна ахвяра гэта хуліганства. Майце сумленне і гонар, паводзьце сябе прыстойна. Калі я аднойчы не палянуюся падняцца, каб адчыніць дзверы, пабачу таго героя, дык на наступны дзень напішу скаргі ва ўсе інстанцыі, тады, думаю, яму мала не пакажацца.

      Ніхто з хлопцаў нічога не адказаў і не запярэчыў. Маўчалі, быццам не маюць да гэтага ніякага дачынення. Ада вярнулася да свайго стала і села на месца.

      У аўдыторыю увайшоў прафесар Арлоў. Лекцыя, якую ён наважыўся сёння чытаць, датычылася адносін Масковіі і Вялікага Княства Літоўскага, што адразу зацікавіла Аду. Яна слухала ўважліва пра войны, якія давялося перажыць абедзвюм дзяржавам пры Іване Грозным, Аляксеі Міхайлавічы, асабліва засяродзіў выкладчык увагу на смутным часе. Ада слухала, з нечым згаджалася, нешта не прымала, пра нешта мела мала звестак, каб запярэчыць прафесару. Калі ж ён сказаў, што беларусы павінны быць удзячныя Маскве, што тая выратавала іх ад польскага і літоўскага прыгнёту, Ада не вытрывала і запярэчыла:

      – Ніякая Літва не магла прыгнятаць беларусаў, таму што цяперашнія беларусы – нашчадкі ліцвінаў. Маё прозвішча Літвінка!

      Прафесар з хвіліну неўразуменна глядзеў на Аду, а потым сказаў:

      – Літва і сёння ёсць Літва! А Беларусь – нешта іншае.

      – Тое, што цяпер называецца Літвой, некалі было Жамойціяй, маленькай часцінкай ВКЛ. Яны ўваходзілі ў склад старажытнай дзяржавы ліцвінаў, а пасля таго, як Масковія гвалтам далучыла да сябе нашы землі, царадворцы пачалі шукаць новае імя прыдбанай зямлі. Так узніклі назвы «Северо-Западный край», а потым «Беларусь».

      Прафесар быццам і згаджаўся з доказамі Ады, але ў яго галаве ніяк не магла пераключыцца назва Літва на прастору сучаснай Беларусі. Такі ўжо падмурак ведаў быў закладзены імперскаю расійскаю гісторыяй у галовы шматлікіх навукоўцаў. Ён адмахнуўся ад заўваг і працягваў чытаць лекцыю. Хоць адчувалася, што пакрыўдзіўся на Аду і яе выказванні, бо ў канцы сказаў, што выдаў новы падручнік «Гісторыя Айчыны», раіў пачытаць яго слухачам курсаў, каб высветліць спрэчныя пытанні.

      На наступную лекцыю прафесара Арлова Ада не пайшла, а накіравалася ў гістарычную бібліятэку, дзе з цікавасцю перачытала першакрыніцы – указы Кацярыны ІІ, якія датычыліся навядзення новых маскоўскіх парадкаў на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага, цяпер яно называлася толькі так. Новай назвы яму пакуль яшчэ не прыдумалі. Царскія загады датычыліся ўрэгулявання вывазу лесу з ліцвінскіх земляў па Дняпры і Дзвіне ў Чорнае і Балтыйскае мора. Выходзіла, што ўвесь расійскі флот быў пабудаваны з беларускага лесу, толькі таму што яго было лёгка сплаўляць па нашых рэках. Былі там указы пра нацыялізаваныя маёнткі і вываз каштоўных рэчаў