«Праз тыдзень закончыцца змена, мы з’едзем з летніка і я больш ніколі не ўбачу Даны», – думаю я і ўжо шкадую, што падзёр фотаздымак. І нават усхліпваю з тае нагоды, і бачу раптам, што Здзіслаў, падняўшы галаву, неадрыўна глядзіць у мой бок. Гэты хлопец ведае: калі хтосьці плача ўночы, значыць яму вельмі цяжка. Мне робіцца сорамна. Цяпер ужо перад Здзіславам. Бо мая маці жывая і чакае майго прыезду. І віславухі Джэк – таксама чакае, прыслухоўваючыся да крокаў на лесвічнай пляцоўцы. Я пераводжу дых, закідваю далоні за патыліцу, і Хрушчоў на партрэце падміргвае мне вокам, пазіраючы, як я, ужо ў сне, танцую з Данай вальс дружбы.
Лох
І
Сярод сну пачуў – нехта крануўся рукі, – і абудзіўся.
Мурзатае цыганё (ці то хлопец, ці то дзяўчынка) стаяла поруч, грызла кукурузны кіях, дапытліва глядзела неміргаючымі вачанятамі. Ён абцягнуў швэдар, паспрабаваў пасміхнуцца.
– Поўны вакзал качэўнікаў, – прамовілі за спінай; маці мурзы штосьці крыкнула па-свойму, і цыганё – відаць, усё ж такі дзяўчынка – пабегла між людскіх ног, махаючы кукурузным абглодкам.
Вакзальнае святло цвяліла павекі, нудзіла сэрца. Вушы нібыта заклала ватаю, і галасы навакольныя гучалі няўцямна, усё адно як са студні.
– Ну дык слухай, што скажу… Паткнуўся ён да мяне, а ад яго… і табачышчам… і вінішчам… і гаўнішчам…
Дзве кабеты сядзелі на суседняй лаўцы і, зладзеявата пазіраючы на бокі, распавядалі адна адной пра свае любошчы.
– Ну а ты што? – пыталася таўстуха ў фальбоністай сукенцы.
– А што я… адпіхнула ды за дзверы вылецела. Нават сумачку не паспела ўзяць, – адказала сяброўка і тужліва ўздыхнула. На сяброўцы была сукенка такога ж крою: белая, у зялёны гарошак.
Спаў ён нядоўга, можа, нейкіх дзесяць хвілін, але галава стала тлумнаю, і навакольныя галасы балючымі колькамі адбіваліся ў скронях. Пульсуючы боль выпетраў з галавы ўсялякія думкі. Лёгкі халадок крануўся гіпофіза, казытнуў гіпаталамус, зварухнуў наструненыя нейроны. Стваралася ўражанне, што пазбаўленая думак галава завісла ў паветры і ўжо гатовая, як той балонік, узняцца ўгору. Ён нават зірнуў на столь, спрабуючы ўгледзець яе ля цьмяных свяцільняў, а потым, схамянуўшыся, стаў сілком поўніць голаў дакучлівымі, сто разоў абсмактанымі думкамі.
«Куды я еду? – пытаўся ён сам у сябе. І тут жа адказваў: – У горад Дзедаўск Маскоўскай вобласці». «А чаго я туды пруся? – пытанне і адказ размежавала ладная паўза: – Каб забраць дваццаць тысяч даляраў». Згадаўшы ў