Мішка прыслухоўваецца, падымае ўгору палец. У лесе ўжо не чуваць баяна, адно шчабечуць птушкі.
Мы бяжым напярэхваткі, і Мішка Касач яшчэ здалёк запабежліва гамзае:
– Дзядзька Коля, вы ж абяцалі…
Баяніст махае рукой.
– Ідзіце, дзяўчаты… мне тут пагаманіць трэба… з адным таварышам.
Дзеўкі з неахвотаю, азіраючыся, ідуць па сцяжыне, а дзядзька Коля, крыкнуўшы ім услед: «А сёмай гадзіне генеральны прагон!» – хапае Мішку за чупрыну і хвацка тузае.
– Гэта табе аванс.
Тузанулі Мішку балюча, бо небарака войкнуў, потым шморгнуў носам, і дзядзька Коля, зразумеўшы, што тузануў задужа моцна, ускінуў на плечы баянныя рамяні.
– Ну, што там табе сыграць?
– «Раз… (усхліп) мы шли… (усхліп) по Уругваю», – пакрыўджана выдыхае Мішка.
– Не, «Уругвай» больш граць не буду, а то мяне з-за тых песень таксама з летніка папруць. Як таго Ваську Чыжыка.
Дзядзька Коля керхае і, адкінуўшыся крыху назад, спявае: «Давным-давно на дальнем севере человек сидел на дереве, а под ним толпа голодная мослами била в барабан. Посиневшие от холода, зубами ляская от голода, под барабанный бой и дикий свист, они танцуют твист…»
Дзядзька Коля яшчэ ніколі так шырока не расцягваў мяхі, у яго ніколі так не бліскалі вочы, і ніколі дагэтуль не спяваў ён з такім натхненнем. Я на момант забыўся пра ўсё на свеце, і ў апошнім куплеце далучыў свой голас да імпэтнай песні: «Ну укуси меня за талию, ну укуси меня за грудь!» І падалося, што я кусаю за талію Дану, і сэрца маё гатова было вырвацца з грудзіны і ляцець за небакрай.
Мяне абудзілі непрыемныя, натужліва-адрывістыя зыкі. Ну вядома, гэта салагі з трэцяга