– Ой, дзяўчынкі, давайце вось гэтую: «Детство наше золотое…» – і дзяўчынкі гамузам падхопліваюць: «…всё счастливей с каждым днём, под счастливою звездою мы живём в краю родно-ом…»
Пад вакном стаіць даўжэзная лава, якую ўпадабалі дзеўкі нашага атрада. Надумаліся зладзіць канцэрт для вяскоўцаў, і цяпер дзень да дня збіраюцца ды спяваюць розную лухту.
Мішка прачышчае горла, адчыняе вакно і, перабіваючы дзявочыя галасы, галёкае песню пра Уругвай:
– Чтоб вы, черти, подавились, хоть одним моим ребром… только дикий смех гориллы нарушает джунглей сон!
Мы падбягаем да вакна. Нінка Беглік круціць пальцам ля скроні, і Мішка, зарагатаўшы як гарыла, крычыць ёй наўздагон:
– У каго, у цябе?
Дзеўкі ідуць у бок сталоўкі, Мішка задаволена пацірае рукі, а Здзіслаў, пачухаўшы стрыжаную макаўку, пытаецца:
– А што такое Уругвай?
– Горад такі, – рашуча выдыхае Лёшка Лубчонак.
– Які яшчэ горад? Гэта краіна… у Паўднёвай Амерыцы, – тлумачыць Мішка Касач, плюхнуўшыся на ложак. – У іх футбольная дружына моцная. Летась, на чэмпіянаце свету, з нашымі гулялі.
Мішка вялікі аматар футбола і хварэе за менскае «Дынама». У дзядзькі Колі ёсць кішэнны радыёпрымач, дык Мішка, калі гуляюць менчукі, увесь час каля баяніста абціраецца – каб футбольны рэпартаж паслухаць. Слухаюць на пару, гарлаюць, калі дынамаўцы гол забіваюць, ды ўсё нейкага Эдзіка нахвальваюць.
У расчыненыя вокны ўрываецца зычны воклік дзядзькі Колі:
– Дзяўчынкі, хадзем на рэпетыцыю!
Мішка Касач падхопліваецца на ногі.
– Трэба іх апярэдзіць!
Мы гамузам вылятаем у калідор. Сёння серада, дзерык паехаў у горад, а таму ёсць шанец пачуць улюбёную песню пра Уругвай.
Дзядзька Коля выходзіць на ганак з баянам пад пахай, і яго адразу ж атачаюць пяюхі. Дзеўкі апошнім часам надумаліся рэпеціраваць у лесе – каб іх ніхто не чуў і не бачыў. Бо калі рэпеціравалі ў сталоўцы, мы прыліпалі да вокнаў, рагаталі і строілі гіморы.
– Спазніліся, – уздыхае Мішка Касач і, стукнуўшы кулаком па далоні, мармыча: – Трэба будзе дзядзьку Колю ў лесе перахапіць, калі рэпетыцыя скончыцца.
Мы ўчатырох – Мішка, Лёшка, Здзіслаў і я – перабежкамі, сюд-туд хаваючыся за кустамі, бяжым за пяюхамі. Хочам пасля рэпетыцыі перахапіць баяніста, каб збацаў нашу ўлюбёную песню, бо ў летніку ён граць не будзе. Увязаўся яшчэ недаростак з трэцяга атрада – увесь час каля нас круціцца, – але Мішка даў яму ў карак ды загадаў ісці на заняткі гуртка «Умелыя рукі».
Пяюхі дарма часу не марнуюць: на хаду рэпеціруюць «Песеньку паштальёна». «Есть много профессий, хороших и важных, но я ни на что не сменяю свою. Со всеми я в дружбе, и ждёт меня каждый, и всюду я песенку эту пою», – заліваецца Нінка Беглік, і дзеўкі хорам падпяваюць: