А сярэдняга сына задражнілі: абышла, маўляў, Дана яго – вучыцца ў вучылішчы, вось, калі ласка, у форме. Здымак Даны ў марынарцы і сапраўднай бесказырцы быў не толькі падараваны будучым «прэтэндэнтам», але і прышчаміўся на самым бачным месцы на вітрыне фотамайстэрні. Спачатку – як знешне спраўджаная мара, потым – як відавочна страчаная. Але заўсёды – як нешта недарэчнае. Дана ніколі не мела пашаноты да рэкламы.
А мару раструшчыла кантрольная па фізіцы. Дана не мела звычкі вытыркацца на першыя парты і займала сабе спакойнае месца на перадапошняй лаўцы. Так бы мовіць, ледзь не ложу абаніравала. Тут можна было пры выпадку нешта пачытаць на ўроку. І адстароніцца, глядзеўшы ў акно.
Тым драматычным ранкам, падчас кантрольнай па фізіцы, «варыянт» Даны, ціхамірна і не даючы сабе клопату нешта абвяргаць, спісаў у яе рашэнне. А праз два дні фізік раздаў кантрольныя. І трымаў, паводле ўсіх законаў драмы, маналог. З якога выявілася – зразумела, хто спісаў. Зразумела, у каго. Усім – двоечкі. А вам, шаноўная Азарэвіч, перасесці на першую парту і сказаць маці, каб завяла да акуліста.
Што там драма… Трагедыя. Шэкспір… Палавіна класа з-за яе маюць двойкі. Павінна сядзець, як апошняя двоечніца – менавіта іх садзілі за першую парту – перад вачмі настаўніка. Ганьба – ёй патрэбны акуляры. Ну, хто ж у іх школе насіў акуляры? Акуляры – гэта яшчэ горай, як без косаў. Стрыжаныя хадзілі толькі інтэрнатаўскія. А ў акулярах не было ні-ко-га.
Але самае галоўнае – бывай, мараходка! Які ўжо марак, калі яна пераблытала 3 з 9.
Ну, але на сушы таксама безліч цікавых заняткаў, акуляры можна не насіць, а толькі раз-пораз карыстацца імі. Да таго ж на пачатку і напрыканцы года заўсёды, акрамя кантрольных, была падзея, якая казытала ўяўленне. Збор дружыны.
Вогнішча на замку. З ранку світальна пелі горны. Вербел бубнаў нагадваў пра мушкецёраў, італьянскіх