У святой краіне выгнання. Ала Сямёнава. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Скачать книгу
калі ўдавалася натрапіць на тую рыбку. Апошні тыдзень перад Вялікаднем звычайна елі сухары і пілі гарбату з варэннем. А ў Бэці на Пасху рабілі мацу. Як на погляд Даны, прыдатны на самы шчыры пост наедак: тоненечкія сухія пласціны. Пра зыход, пра пустыню Дана даведалася пазней. А мацу Бэця прыносіла ў школу – Катляры на свята не запрашалі. Быў такі негалосны закон канфесійнага суіснавання. Пазней, у кніжцы, выдадзенай Ватыканам, Дана прачытала пра іх горад: «Трапілі ўрэшце ў той горад, дзе палякі жылі побач з беларусамі, габрэі з татарамі, а ўсе разам выяўлялі ўласныя звычаі, уласную культуру, уласную ментальнасць, уласную веру, уласныя звычкі, схільнасці і непрыманні». Непрыманні? Анёл у цені сваіх крылаў, мабыць, пільна сачыў за злагадай канфесійнай і нацыянальнай. Ну, а класічныя Liberte, Fraternite, Eqalite былі ўзведзеныя, здаецца, да рангу абсалюту. Недасягальнага, але абвешчанага. Які нельга аспрэчваць, ажно і прытрымлівацца можна больш у тэорыі, што, як абвяшчалася, без практыкі безнадзейна мёртвая. І ўвогуле – гэта толькі настаўленне да дзеяння. Таму кожны інструктар самай галоўнай установы ў кожным горадзе меркаваў па-свойму і прымерваў сяк-так пачутую і прачытаную тэорыю да ўласнага інтэлекту і інтарэсу. Паколькі большасць інтэлектаў мела грунтам біялагічным не вельмі складаны генетычны код і досыць стабільна стандартызаваныя паўшар’і мозгу, дык кожны інструктар быў роўны свайму начальніку, а кожны ўпаўнаважаны быў роўны інструктару. І ўраўнаважваць біялагічныя імпульсы і гістарычна спазнаны ход думак і дагматы (не, настаўленне да дзеяння) адзінай самай справядлівай тэорыі імкнуліся на ўзроўні класічна-схаластычным і адначасова ваенізаваным і канцылярскім. «Даеш!» Сяўбу, жніво, выбары, вытворчыя паказчыкі. Штурм, аўрал – як норма жыцця. Натура Данчыных землякоў не прымала гэткага рытму, і жылі яны ледзь не да сярэдзіны пяцідзясятых на хутарах, адасоблена, адштурхоўваючыся падаткамі ад назалялага націску. Але паважаючы свабоду і роўнасць, з недаверам ставіліся да брацтва. Яно і ў сваяцтве не ўсё бывае добра, а чужыя – браты? Не, тут нешта не тое. Наконт светлых далячыняў недалёкай і далёкай будучыні не пярэчылі, больш трымаліся сённяшняга дня і вякамі зазначаных пастулатаў.

      Бацька Бэці, падобна, падзяляў гэтыя настроі, аднак гаварыў зазвычай з дзяўчатамі выключна на тэмы літаратурныя. І аддаваў перавагу класіцы. Бэціну маці і сацыяльныя, і эзатэрычна-літаратурныя акалічнасці мала цікавілі, усё, што адыходзіла ад канкрэтнага, уласнага, сямейнага клопату, не мела для яе сэнсу. Жыві тут, у гэтым падполе, што мыш. Затое калі сям’я Катляроў перасялілася ў вялізны, светлы пакой – ці не перад самым ад’ездам – яна акрыяла, часам нешта спявала сабе пад нос. І нават перамаўлялася з Данай якім слоўцам – чаго раней і ў думках, здаецца, не мела. «Мой бацька быў нэпманам. Такі, як гэты, у мяне быў уласны пакой». І Дана ўяўляла яе ў вазку рамізніка. І з вялікім рыдыкюлем.

      А ўвогуле гэта не мела для Даны значэння – якая была маці ў яе сяброўкі, тым больш у мінулым. Усё гэта існавала недзе на ўскрайку свядомасці і ўражанняў.