У святой краіне выгнання. Ала Сямёнава. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Скачать книгу
доўга памятала гарачы бляск яе агромністых цёмных вачэй, і калі чытала «Джэн Эйр», дык жонку Рочэстэра ўяўляла, як іх Фулімэну.

      «Не дай мне Бог сойти с ума, уж лучше посох и сума». Вялікі паэт – ён ведаў кошт і цану фактам існавання… Дана пра гэта не задумвалася. Яна жыла. І не ведала, дзе яна, «страніца лепшая ў штодзённіку жыцця…»

      Верасень

      У кожным выпадку ёй аднолькава падабаліся і вакацыі, і шкаленне. Асабліва першыя, вераснёўскія дні.

      Напрыканцы лета ў гародчыках расцвіталі настуркі і мальвы, цягнуліся з-за плотаў вяргіні. Падалі на зямлю пераспелыя яблыкі. У паветры з’яўляўся той непаўторны водар, што бывае толькі напрыканцы лета. Гэта той самы водар, у якім ёсць наіўнасць чакання і трывога пераходу з аднаго стану ў другі. Суцэльна вольная істота засталася за парогам першага верасня. Але і ўнармаваны, цалкам падпарадкаваны звычнаму цыклу дзень – яшчэ наперадзе. А пакуль што – некалькі ні на што не падобных тыдняў. Ужо заняткі – але няма нудотнага атожылка «маці вучэння»: няма чаго паўтараць. Няма кантрольных, і хатнія заданні нагадваюць хутчэй гульню – розныя ўводзіны, перадумовы, уступы. А затое – сустрэчы: за лета ўсе змяніліся больш, як пазней за гады. А затое – новенькія: цікава. Затое – новыя настаўнікі – адкрыццё.

      Увосень і ўвесну Дана выпраўлялася ў школу паўз замак, вузенечкай сцежкай каля Буячыхінай хаты – потым ад той сцежкі не засталося ані знаку: адзін хмызняк. А тады можна было хуценька прабегчы тут, падняцца на горачку, прайсці па валейбольнай пляцоўцы, дзе пазней паставілі помнік Паэту, і з задавальненнем адштурхоўвацца ад гравейкі па шырачэзнай строме – да школы. Шлях гэты быў карацейшы, але не тое мела асобы смак. Ісці кругаля вуліцай было нецікава, тут ішлі ўсе, тут ты нібыта ўступаў у шэрагі і павінны быў крочыць крок за крокам у агульным рытме, агульным выяўленні, агульным… А ёй хацелася ісці сваім шляхам.

      …Вокны іх класа глядзелі на гару, і падчас урокаў беларускай мовы і літаратуры па гэтай горцы гойсалі дзеці вайскоўцаў, вызваленыя ад заняткаў і гэтай мовай, і гэтай літаратурай, а яны ўсе – амаральна і непатрыятычна – зайздросцілі ім. Што гэта амаральна – Дана разумела і тады. Што непатрыятычна – даўмелася нашмат пазней. Што яны, бэйбусы на горцы, згубілі непапраўна многае – уявіла сабе таксама не ў тыя вераснёўскія дні. Ажно – яны так і не даведаліся аб прыгодах дзядзькі ў Вільні і пра тое, што было раніцай у нядзельку ў лесніка Міхала, не ведалі нічога пра адвечную песню, спраўджаную «ўсясільнай рукою тварэння»… Не адчулі горкай асалоды слоў:

      Калісь глядзеў на сонца я,

      Мне сонца асляпіла вочы.

      Ды што мне цемень вечнай ночы,

      Калісь глядзеў на сонца я.

      І пазней – яны не ўведалі ні пра ўцеху думкі – выспу Патмас, на якую трэба ехаць у залатым чаўне ўспамінаў, бо «ўспаміны маюць вялікую моц». Ні пра ладдзю Роспачы і Хрыста, што меўся прызямліцца ў Гародні. Ні пра Алеся Руневіча, які хадзіў тымі ж сцежкамі, што і яны. Ні пра «смаленне вепрука». Ні пра