Даніла зразумеў: здраднік не атрымаў таго, што яму абяцалі, і гэта сталася з-за яго, Данілы. Не можа быць, каб нехта яшчэ ўцёк, апроч яго, каб некаму так пашанцавала, так пашупіла. Хлопец прыўзняўся, трымаючыся за шурпатую, нібы каменную кару дуба. Востры юнацкі зрок яго, хаця і затуманены болем, выгледзеў недалёка ўнізе, між дрэвамі, купку людзей. Гердзень стаяў перад чалавекам у чорным плашчы. Гэта яго голас даносіўся сюды, і Даніла чуў усё, што адбывалася на паляне. Угледзеў некалькі целаў, што валяліся ў траве, і сэрца яго сціснулася ад вострага болю – мабыць жа, і бацькі няма ў жывых! Узгадаў, як Гердзень, які паклікаў Сокала з паста, і ўцяміў імгненна, што той, клічучы на дапамогу, проста выманьваў бацьку, каб з ім расправіліся найперш. Тады ж узгадалася, як настойваў гэты пярэварацень на тым, каб у атрад узялі Данілу – мабыць, таму, што разлічваў: з маладзёнам справіцца лягчэй!
Чалавек у плашчы паблажліва паляпаў Гердзеня па плячы. Даніла прыжмурыў вочы, стараючыся разгледзець яго твар. І – на імгненне – той твар нібы наблізіўся. Сон гэта ці не? Ён бачыў, як цвёрда, нібы сваё, бярэ чалавек знаёмы куфэрак, які так беражліва везлі яны з Лідскага замка, і перадае некаму з нападоўцаў.
Чуецца нейчы голас:
– Gut, sehr gut, von Schomberg![25]
Чалавек у чорным плашчы задаволена ўсміхаецца, але тут жа пагрозліва паказвае Гердзеню ў бок лесу.
– Я прывяду сюды сваіх людзей. Гіцаль не ўцячэ…
– гучна клянецца той.
Пасля ўсе ўскокваюць на коней і знікаюць з вачэй, а Гердзень трасецца за імі, і глухі тупат капытоў па мяккай зямлі стукае ў галаву Данілы, як палка ў бубен.
І тут сон канчаецца…
Ён не памятаў, колькі поўз з узгорку да паляны, прагнучы і адначасна баючыся зноў убачыць яе. Цяпер у ягоным адчуванні яна была іншаю, чым тады, калі ўсе ягоныя спадарожнікі, яшчэ жывыя і вясёлыя, хаця і прытомленыя дарогай, спадзяваліся тут адпачыць. Яны і атрымалі адпачынак – толькі вечны, назаўсёдны, а яго чамусьці захаваў нехта ці нешта – можа, бабчын абярог? Можа, гэта матчыны малітвы ў свяцілішчы зрабілі так, каб меч стукнуўся аб паласу са скуры свяшчэннага дзіка, што нашыў на плячы майстар? Зразумеў, што яго, мабыць, шукалі паўсюдна, бо пад узгоркам бачныя былі сляды капытоў. Так, яны прачасалі бліжэйшы лес, ды ён ляжаў без прытомнасці пад дубам, і яны не падняліся наверх, таму што знізу ня бачна выварачанае карэнне. А можа, адвёў ім вочы дзед Лесавік ці душы даўніх жрацоў, што, пэўне, дасюль ахоўваюць гэтае месца?
Зноў узгадаў казкі бабулі, што расказвала пра цуды старажытных капішчаў. Каля дуба, што ўратаваў ягонае жыццё, канешне ж, тварылі свае трэбы валхвы, тут яны чулі ўсё, што робіцца далёка ад дуба, бо садзілі навакольныя дрэвы так, каб яны там, у нізіне, пасылалі рэха далей і далей. Добра, што ён не азваўся ні стогнам, ні словам, іначай яго дабілі б тут, як блыху на кашулі. Цяпер жа, калі дабярэцца да замка,