Знак Вялікага магістра. Вольга Іпатава. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Скачать книгу
раз засталася Марыя ўдавой. І хаця брат яе – вялікі князь, што ўжо пяць гадоў як стаў яшчэ і каралём польскім, наўрад ці хто зноў возьме яе за сябе: пабаіцца. Няшчасце вісіць на ўдаве, як торба з нядоляй, і нікому не перадасі яе. Таму вось ужо тры гады збіраецца яна выехаць адсюль, з Ліды. І выехала ўжо, ды вярнуў яе назад з Вільні Ягайла. Цяпер жа, пасля многіх просьбаў, Ягайла схіляецца перадаць Ліду іхняму роднаму брату Дзмітрыю Карыбуту, князю новагародскаму, тым вызваліўшы яе ад клопатаў. А іх – не пералічыць!

      Вось і зараз – як напісаць вяльможнаму брату, што пасланыя ў сталіцу скарбы зніклі? А што, калі Ягайла падумае на яе? Нічога не скажа, а падумае. І тады – тады не схавацца ад яго ні тут, у бацькавым замку ў Лідзе, ні на краю зямлі. Нелітасцівы ён да бліжніх… “Таму што якраз сваякі далі яму найбольш клопатаў” – тут жа сярдзіта азваўся ў ёй другі голас. Гэты самы голас учора загадаў ёй не пакідаць сабе, як спярша хацелася, а пакласці назад у куфэрак залаты з пярлінамі бранзалет, які так пасаваў да вавёрчынай аблямоўкі ейнай аксамітавай сукні. Можа, не варта было яго слухацца? Цяпер бы мела пры сабе хаця б бранзалет, што ўчора выкралі чужынцы…

      І цяпер, калі яна, размінаючы свае кароткія пальцы, наморшчыўшы лоб, разважала, хто б мог напасці на яе слуг, той жа голас раптоўна падказаў ёй: “Вітаўт! Сын Кейстута!”. І яна адразу паверыла яму.

      …А можа, гаварыла ў ёй даўняя віна, і яна імкнулася перакласці яе на таго, перад кім сама была вінаватая? Бо ні цяпер, ні раней не хацела ўзгадваць лідская княгіня, што менавіта яна, Марыя, дабілася-ткі колькі гадоў таму ад Ягайлы злашчаснага загаду, згодна з якім палонены Вітаўт ужо ня выйшаў бы з Крэўскага замка жывым, гэтак жа, як і перад тым ягоны бацька Кейстут. Як радавалася яна смерці Кейстута! Але мусіў бы заплаціць за ейнае няшчасце і ягоны сын!

      Так, яна, і толькі яна (праўда, пры падтрымцы маці, княгіні Юльяны), угаварыла брата напісаць той ліст да кашталяна Крэўскага замка Прокшы. Ягайла, нягледзячы нават на просьбы маці, не хацеў яго падпісваць: ён слабы духам, малодшы ейны братка! – але знайшлася ўсё ж хвілінка, калі яны ўдваіх з матуляй змаглі дабіцца свайго.

      Заплюшчыўшы вочы, яна ўзгадала той верасень 1382 году – густы, як гарбузовая каша, туман завіс за слюдзяным вакном высокай вежы ў вялікакняскім замку ў Вільні, ліпнуў да вокнаў і свечкі не маглі разагнаць шэрай імжы ў пакоі, кідаючы бледна-жоўтыя плямы святла на залатую аблямоўку Ягайлавага каптана, на яго бледны, чамусьці таксама жаўтаваты твар. Яна ціхенька пагладзіла брата па мяккіх русявых валасах. А левай рукой моцна, нібы ён мог зваліцца з дубовага стала, трымала пергамент са злавеснымі словамі, якія неслі смерць гэтаму паганцу Вітаўту, народжанаму ад чараўніцы. Ягайла глядзеў на пергамент – той, нягледзячы на сьвятло, чамусьці таксама выглядаў шэрым, як туман за вакном, і пяро ў яго руцэ мелка трэслася.

      – Ён вучыў мяне скакаць на кані! – яго словы былі, як стогн.

      – Ягоны бацька пазбавіў цябе стальца! Ён сілай узяў замак і аб’явіў сябе вялікім князем! Кім бы тыў