…Сухта варушыў куст за кустом, нягледзячы на тое, што буйныя кроплі расы падалі на яго твар з галінаў дрэваў і пырскамі ляцелі з хмызьняка, прымушаючы час ад часу абцірацца рукавом. Вочы яго чэпка ўзіраліся ў кожны след, кожную зламаную галінку, а думкі круціліся ў галаве нібы самі па сабе. Лепей было б, каб напад рабілі маскоўцы ці крыжакі, альбо нават і татары. Тады да вайны не дойдзе, абмяжуюцца пасольствамі ды доўгімі перамовамі, у адказ маскавітам спаляць колькі вёсак на мяжы, а татарам адпомсцяць іх жа супляменнікі, якія грызуцца паміж сабой і шукаюць у Вялікім Княстве падтрымкі. Крыжакам нічога пакуль не зробяць, бо Ягайла і Вітаўт самі прагнуць дапамогі ад іх, і ні ў Княства, ні ў Польшчы няма такой сілы, якая б зламала нахабных германцаў. Хіба што разам сабраліся б дзве краіны – але гэтага, мабыць, ніколі не будзе, бо палякі і ліцьвіны паміж сабою не ладзяць. “Як Вітаўт і Ягайла”, – уздыхнуў следчы, і на гэтым яго высокія роздумы закончыліся, бо з-за павароткі дарогі паказаўся малады памочнік Дрозд, які бег да яго наўпрост і быў нечым узбуджаны.
– Ваша міласць, я знайшоў!
Сухта не пытаўся, што там. Ён ведаў і тое, што памочнік ніколі не возьме ў рукі тое, што ўбачыў, перш чым не дакладзе пра гэта старэйшаму. Таму выйшаў на сыпкую пясчаную дарогу і, заграбаючы нагамі цяжкі жоўты пясок, нечакана лёгка для яго магутнай постаці пайшоў у патрэбным накірунку.
Ён адразу зразумеў, пра што кажа Дрозд: якраз на сярэдзіне дарогі, між каляінамі, у траве ляжала пярліна. Заўважыць яе было цяжка: вільготныя пажухлыя сцябліны надзейна схавалі каштоўнасць. Толькі такі пранырлівы следчы, як Дрозд, які працаваў з Сухтам ужо колькі гадоў, мог яе знайсці.
– Ну і адкуль яна, як ты думаеш?
Дрозд