Адзін народ, пераможца, на ўсю сваю Вялікую Душу аплакваў ахвяры і ўпіваўся Перамогаю… Другі ж народ, пераможаны, сцяўшы зубы, захаваўшы што падалей крыўду, пачаў нанова наводзіць ідэальны стэрыльны парадак, хай сабе толькі на сваёй зямлі, у кожным, нават самым маленькім гарадку, у кожнай сям’і. Каб стол быў штодня засцелены крухмальным абрусам, каб хораша пахла нават у прыбіральні, і, галоўнае, каб дзеці, дзеці іх, пераможаных, не страцілі свайго гонару, годнасці, каб і надалей мацавалі, гартавалі яны свой Дух. Ізноў Народ Моцнага Духу зажыў звыклым, багатым, размераным, разлічаным па хвілінах жыццём. Жылі б ды жылі. Але ж вось чуюць, у таго Народа Вялікай Душы, якому яны хацелі ж, хацелі прынесці вызваленне і парадак, зноў усё бязладна. Бяда за бядою.
І тады Народ моцнага Духу ўжо без зброі рушыў да гэтых, іншага слова не падбярэш, «недацёпаў», што гаварылі невядома на якой мове, спявалі невядома якія песні, а пілі, о, пілі яны на святах, хаўтурах, а то і штодня… Што яны пілі, аднаму д’яблу вядома. Не, цяпер Народ Моцнага Духу не вёз з сабою душагубак. Ён добра засвоіў, што нягоды ды страх смерці мацуюць дух, а вось дабрачыннасць, тая кволіць, безнадзейна кволіць душу… Народ Моцнага Духу прывёз і гасцінна расчыніў па ўсіх гарадах і нават вёсках душалоўкі. У гэтых маленькіх крамках на колах было ўсё— цукеркі, жуйкі, яркія часопісы, са старонак якіх самазадаволена ўсміхаліся абсалютна шчаслівыя Людзі Моцнага Духу, былі моцныя напоі для для тых, хто п’е, і таблеткі, каб не радзіліся дзеці для тых, хто займаецца каханнем, было зношанае, але акуратна вымытае і адпрасаванае адзенне, якое кілаграмамі аддавалі амаль за бясплатна.
Ад напоеў у мужчын муціўся розум, слабелі рукі і зусім пераставала балець душа (нехта сцвярджаў, што ў іншых землях гэтыя напоі даюць толькі свінням, каб лепш гадаваліся і ні пра што не думалі, калі свінні пра што-небудзь калі-небудзь і думалі, ды хіба ж разбярэш, што там напісана на іхніх каляровых этыкетках!). Ад таблетак жанчынам рабілася мутарна, іх раздражнялі не толькі ўласныя мужы, але і дзеці, ды што там – нават колер шпалераў і фіранак ва ўласнай хаце.
А элегантныя высакалобыя замежныя гандляры, Моцныя духам, багатыя на грошы, гаспадарамі хадзілі па іхнімі дзядамі так і не скоранай зямлі. Яны ахвотна куплялі карціны, каб аздобіць свае добраўпарадкаваныя дамкі на радзіме, яны запрашалі, везлі з сабою зусім збяднелых мясцовых мастакоў і акцёраў, бо сапраўды навошта Народу Вялікай Душы шчэ мастакі і акцёры, навошта расчульваць, куды ж больш гадаваць яе, гэтую Душу? Яна ж і так гняце, прыгінае да зямлі… Хіба можна лётаць з такімі вялікімі, важкімі крыламі?
Вось у гэты, спрыяльны для моцных Духам час, жадаючы крыху падзарабіць, а болей усё ж дзеля цікавасці, дзеля спазнання неспазнанага (у Моцных Духам боль жыцця ніколі не глушыў цікавасці да жыцця) адзін з Моцных Духам, малады шчэ, назавем яго пан Н., адчыніў краму (чытай, душалоўку) у далёкай палескай вёсцы. Чаму менавіта там?..