Пакутны век. Трылогія. Васіль Якавенка. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Васіль Якавенка
Издательство: Электронная книгарня
Серия:
Жанр произведения: Современная зарубежная литература
Год издания: 2009
isbn: 978-985-6010-30-2
Скачать книгу
матузком увесь свет павяжуць», – прадвызначаў ён. З’явіўся тэлеграф, тэлефон… «Паны будуць равы капаць, хлеба шукаць…» І да гэтага дайшло пасля кастрычніцкага перавароту ў Расеі. Урэшце, доўгі час у Моталі ніяк не маглі знайсці ключ да такіх слоў Парыпы: «Будуць чорныя птушкі з жалезнымі дзюбамі лятаць, будуць сэрцы кляваць». Дзіўнае прароцтва! Дарэчы, як і ўсе яго прадказанні… З чорнымі птушкамі яшчэ нядаўна ў Моталі атаясамлівалі яўрэяў і лічылі, што Парыпа, гаворачы пра жалезныя дзюбы, меў на ўвазе грошы і нечалавечы ўціск… Але ж войны – адна за адной – паказалі, што ёсць іншыя жалезныя птушкі, ліха на іх… Самалёты… У гэты час яны кружаць над Варшавай і Кракавам. Варшава гарыць. Толькі мы будзем спадзявацца на лепшае, – і дзед Пятро, паказваючы ўнучцы, што размова скончана, як вялікі заступнік і прыяцель, пяшчотна цмокнуў Маню ў цемечка.

      Вярталіся дадому. Конь цягнуў фурманку, і Маня, седзячы на возе побач з дзедам, назірала за голымі палеткамі, над якімі збіраліся ў кучы і кружылі вароны. А ўзбоч дарогі, над гаем, у паветры пырскалі-ценькалі дробныя птушачкі.

      Сонца ўсё бліжэй хінулася да зямлі. Пахла свежым сенам. І ёй падумалася, што будзе несправядліва і балюча, калі вайна жалезнай дзюбай дастане сюды, закружыць віхурай, перакуліць фурманку з мёдам і пераверне ўсё, што асталявалася ў яе жыцці ды жыцці яе радзіны ў Моталі. Ад такога ўяўлення ўсё яе цела, дранцвеючы, раптам сцепанулася.

      15

      Ганна даіла кароў на аціхлым падворку, ёй памагала Маня. Гэта была вечаровая дойка, і быў момант, калі сонца, што завісла за сінімі хмарамі, афарбоўвала ў мяккую чырвань серабрыстыя краявіны. Пурпур пакідаў на душы і захапленне, і трывогу.

      Насоўваліся прыцемкі. З возера чулася рэдкае спатоленае гагатанне гусей, яны збіраліся ў гурт і, валюхаючыся, кіравалі да сваіх падворкаў. І цурчэла малако. Струменіла і білася аб даёнкі. Малако – дарунак, які ўсе любяць, і Маня таксама, балазе з сырадою вырабляецца багата ўсялякіх прадуктаў, наталяючых душу і страўнік.

      Малако ў Ганны цурчэла доўгімі струменьчыкамі, у Мані – кароткімі, хоць Маня і старалася ўсё рабіць, як маці. Пагладзіўшы вымя ў Лыскі, яна абмыла цёплай вадою саскі, выцерла іх белым зношаным фартухом і, прысеўшы на дыбачкі так, што даёнка ўпакойвалася ў яе між каленяў, хапала ў жменьку то адзін, то другі набрынялы малаком пругкі сасок, сціскала жменьку, адначасова адцягваючы яе ўніз, – з-пад рукі ляцеў у даёнку белы струменьчык. Цыр-р-р, цыр-р-р, цыр-цыр… Пахла цёплым сырадоем. А Лыска ціха пахрумствала – жавала жуйку.

      Дзяўчынцы гэтак хацелася не адставаць ад маці, але ж у Ганны далоні шырэйшыя і ў кулаку моцы больш: цыр-р-р, цыр-р-р-р… Бойка струменіла малако.

      Мані нічога не заставалася, як упохапкі заціскаць у сваіх кулачках саскі: цыр-цыр, цыр-цыр…

      – Не спяшайся, доню, – падала голас Ганна, – так і стаміцца нядоўга, дый Лыска любіць, калі з ёю спаважна абыходзішся.

      – Я ведаю, мама…

      А на зямлі, крыху воддаль ад Мані, ляжала свежая чорная пляма – дзед Пятро з сынам Паўлам надоечы смалілі вепрука.

      Вогнішча