Драгаманаў (а пад яго ўплывам часткова і Франко) іранізаваў з нагоды вядомых яго слоў пра «сваю мудрасць» («Калі б вучыліся, як трэба, і мудрасць бы была свая»). Уласна, больш за ўсё менавіта тут ён і бачыў адыходжанне, хоць і эпізадычнае, ад агульначалавечага ідэалу. Але самі па сабе словы Шаўчэнкі не даюць падставы для такога тлумачэння. Толькі ўспрымаючы іх не ва ўласным сэнсе, а ў агульным патоку славянафільскіх фраз супраць чужой навукі, змешваючы адно з іншым, можна зразумець іх як адмаўленне еўрапейскай адукацыі і апалогію дамаросласці. Паэт жа сцвярджаў неабходнасць самастойнага мыслення, падрыхтаванага сапраўдным навучаннем, – як альтэрнатыву верхаглядству і капіраванню, пустапарожняй модзе.
Гэтак жа як Шаўчэнкава «свая мудрасць», і яго ж «свая праўда» (геніяльная формула: «У сваім доме свая праўда, і сіла, і воля») таксама сустракала ў розныя часы неразуменне. Часам яе тлумачылі ў славянафільскім духу, часам успрымалі як… адмаўленне агульначалавечага грамадскага ідэалу і крытэрыю, ставячы ў віну Шаўчэнку адасобленасць. Але зусім не хутаранскую адасобленасць ад сусветнай цывілізацыі і агульначалавечых паняццяў меў на ўвазе Шаўчэнка! Наадварот, ён казаў аб раўнапраўным дачыненні кожнага народа да свету чалавецтва.
Няма сумневу: кажучы пра «сваю волю», Шаўчэнка меў на ўвазе традыцыі казацкай рэспублікі.
Нарэшце, Шаўчэнка вельмі выразна і вычарпальна сфармуляваў сваё стаўленне да гэтага пытання – пра «сваё» і «чужое» – у іншым сваім знакамітым паэтычным афарызме: «Не дурыце самі сябе. Вучыцеся, чытайце, Чужое спрымайце, Й свайго не губляйце».
Шаўчэнка зыходзіў з агульначалавечай меры і жыў агульначалавечым ідэалам ва ўсім. Таму й турбаваўся, каб і ўкраінцы, і іншыя славяне сталі ўпоравень з усімі перадавымі народамі.
Гэтае апошняе ён і мысліў мэтай адраджэння і вызвалення славянскіх народаў, іх добраахвотнага аб’яднання, – а зусім не нейкую гегемонію славянства, яго асаблівую місію ў свеце, тым больш пад кіраўніцтвам царызму. Славянская тэма ў яго паэзіі 40-х гадоў развіваецца ў трох асноўных матывах: перажыванне гістарычных пакут славянскіх народаў; прыкры боль за іх разлад; мара пра братэрскае супольнае жыццё ў свеце вольным і справядлівым. У чым ёсць некаторая сугучнасць са славянафільскімі матывамі, дык гэта ў тлумачэнні прычын славянскага разладу: пасеялі яго «ксяндзы, езуіты»… Але і тут ёсць істотная розніца: Шаўчэнка асуджае экспансію Ватыкана, таксама каварства і жорсткасць ягоных слуг, але яго зусім не цікавіць – у адрозненне ад славянафілаў, для якіх менавіта гэта было галоўным, – проціпастаўленне каталіцызму і праваслаўя з пункту гледжання, што першы не адпавядае славянскаму духу, а другое якраз адпавядае і з’яўляецца натуральнаю для славян