Праз некалькі месяцаў Сімоне здолеў дабрацца да Іспаніі, адкуль збіраўся адплыць затым у Новую Іспанію. Да гэтага часу сціплыя сродкі, якія ён меў і якія Антоніа здолеў здабыць для іх ордэна, амаль скончыліся. Наяўнай сумы не хапала не толькі на далейшае падарожжа, але нават на тыднёвае пражыванне. Таму Сімоне прыняў рашэнне ненадоўга тут затрымацца і трохі падпрацаваць, каб назапасіць сродкі для далейшага шляху. Доўга шукаць настолькі адукаванаму і эрудзіраванаму чалавеку не давялося, але і заробак быў не вельмі высокі. Маладому чалавеку ўдалося ўладкавацца памочнікам у адну з кніжных крамаў Мадрыда.
Нягледзячы на сітуацыю, што склалася, Сімоне не губляў час марна, і ўжо ў Мадрыдзе ён узяўся за выкананне місіі. У вольны ад працы час працаваў у Каралеўскай бібліятэцы Эскарыола. Бывала, праседжваў па пятнаццаць гадзін, паглынаючы кнігу за кнігай, як у ранейшыя часы. Ён праводзіў бы тут і цэлыя суткі, калі б не клопаты аб хлебе надзённым.
Ужо за некалькі першых месяцаў Сімоне прачытаў і запомніў амаль усе кнігі і рукапісы бібліятэкі. Дзіўны малады чалавек не мог не звярнуць на сябе ўвагу. Чуткі пра яго неўзабаве дасягнулі каралеўскага духоўніка Пэдра Робіна. Аднойчы ён нават асабіста прыбыў у бібліятэку, каб паназіраць і пазнаёміцца з эрудытам, чыя персона спарадзіла за такі кароткі перыяд мноства загадак і падазрэнняў. Перад позіркам высокай асобы паўстаў маленькі скурчаны сілуэт, акружаны высокімі стосамі кніг. Малады чалавек хутка гартаў старонкі. Скончыўшы гартаць адну кнігу, ён адразу пераходзіў да наступнай. Пэдра падобнае гледзішча не захапіла, але толькі раззлавала: навошта яго адарвалі ад важных спраў, ці не для таго, каб палюбавацца на непісьменнага вар’ята, што апаганьвае каштоўныя фаліянты сваімі бязглуздымі дзеяннямі. Ён быў намерыўся аддаць загад выкінуць таго і больш не пускаць, але перш вырашыў прыстрашыць яго асабіста, такім велізарным было абурэнне каралеўскага духоўніка.
Але абурэнне адразу змяніла такое ж велізарнае здзіўленне, калі Сімоне спакойна, ні на момант не збянтэжыўшыся, прапанаваў на памяць працытаваць урывак з любой кнігі бібліятэкі. Пераадолеўшы секундную збянтэжанасць, Пэдра Робін накіраваўся да самай далёкай шафы, адкуль, падняўшыся на драбінкі, дастаў з апошняй паліцы кнігу ў зялёнай вокладцы. Затым, асцярожна спусціўшыся, ён назваў старонку і абзац. Яго голас рэхам раскаціўся па ўсёй зале. Пачакаўшы, пакуль стане ціха, Сімоне ў сваю чаргу, як і абяцаў, агучыў зададзены ўрывак, ні разу не запнуўшыся. Тады духоўнік узяўся за другую, потым трэцюю кнігу. Агаломшаны, ён бегаў з боку ў бок, ад адной шафы вялізнай залы бібліятэкі да другой, па чарзе выцягваючы кнігі. Праверка доўжылася амаль гадзіну, пакуль задыханы і стомлены ад летаніны Пэдра не прысеў побач.