Сімоне мроіў пра штосьці накшталт ордэна кніжнікаў, якія б сталі скрыптарамі ды захавальнікамі ўсіх ведаў чалавецтва, у тым ліку і самых таемных. Ён марыў пра магутны ордэн, улада якога была б заснавана на ведах. Сябе ж ён бачыў у якасці аднаго з яго правадыроў, гэтакага егіпецкага жраца. Але пра гэта ў размовах са сціплым і цнатлівым Антоніа ён, вядома, не ўзгадваў. Па задумцы першымі рэкрутамі ордэна мусілі стаць найталенавіцейшыя і разумнейшыя сярод маладых фларэнційцаў, якія ў далейшым меліся б выправіцца ў доўгае падарожжа ва ўсе канцы зямлі, каб знайсці ды запомніць усе магчымыя тэксты, перш за ўсё старажытныя. У Мальябекі падобная ідэя, нягледзячы на довады і падрабязныя планы, усё яшчэ не без падставаў выклікала сумневы. Было ў ёй нешта юнацкае, бязгрэшнае, і гэткае недасяжнае. Ён не верыў, што з гэтага што-небудзь магло атрымацца, ды і ўзрост быў ужо не той, але, не жадаючы засмучаць палкую душу, што ўжо паспела ўзнесціся на крылах натхнення, пагадзіўся ўдзельнічаць у гэтым мерапрыемстве.
Заручыўшыся згодаю настаўніка, Сімоне адразу ж разгарнуў актыўную дзейнасць, натхнёна займаючыся адборам магчымых членаў будучага ордэна. Задача была не з простых. У адзіночку яму давялося праэкзаменаваць сотні маладых людзей. У першую чаргу ён адбіраў тых, хто валодаў найлепшай памяццю. Ужо праз месяц перад Антоніа паўстаў тузін юнакоў, да якіх Сімоне, ужо даўно і грунтоўна прыглядаўся. Але не ўсім з іх у далейшым выпадала стаць часткай яго амбітнага плану. Сістэма адбору юнакоў праходзіла ў некалькі этапаў. Сімоне надзвычай грунтоўна падыходзіў да працэсу стварэння ордэна і адбору яго членаў. Таму праз два гады навучання з ім з трынаццаці навабранцаў засталося толькі восем, якія здолелі дасягнуць найбольш значных вынікаў. Паводле задумы Сімоне цяпер іх чакалі яшчы тры гады навучання яшчэ тры гады навучання з Антоніа, пасля чаго былі адсеяныя чарговыя чатыры юнакі.
Рафаэль, Бенісіа, Умберта і Сільвіа апынуліся ў ліку тых, на каго ўскладаліся асноўныя надзеі. Кожны з іх быў па-свойму ўнікальны. Так, Рафаэль адразу ж запамінаў усё прачытанае, убачанае і пачутае. Бенісіа дасягнуў такой хуткасці чытання, што ўжо неўзабаве здолеў бы пацягацца з самім Антоніа Мальябекі. Умберта чытаў крыху павольней, чым Бенісіа і запамінаў трошкі горш, чым Рафаэль, але адрозніваўся асабліва гнуткім розумам і кемлівасцю. Сільвіа ж мог пахваліцца ўсімі пералічанымі вартасцямі. Ён, як ніхто, больш за ўсіх быў падобны на Мальябекі, не толькі ў здольнасцях, але таксама ў звычках і манерах.
За пяць гадоў, якія яны правялі разам, вучні і настаўнікі