Тады ў мяне ўжо была падрыхтавана нізка вершаў для часопіса «Маладосць», аднак пасля такога калючага прыёму ў «Вожыку» я засумняваўся: наўрад ці мае вершы адпавядаюць узроўню рэспубліканскага часопіса. Таму доўга выбіраў на сваю думку лепшыя, удасканальваў іх праўкамі. І ўжо на наступную сесію пагрукаўся ў дзверы з шыльдай «Маладосць».
У кабінеце сядзелі двое, і калі я патлумачыў мэту свайго візіту, то круглатвары мужчына, гэта быў Казімір Камейша, сказаў:
– Вам да Гардзея, ён на калідоры курыць каля акна. Можаце падысці.
– Адкуль вы? – спытаўся Віктар Канстанцінавіч.
Удумлівыя яго вочы глядзелі на мяне з цікавасцю.
Запрасіў у кабінет. Вершы чытаць не стаў – запісаўшы мае дадзеныя, паклаў нізку ў стол. Стаў распытваць пра вучобу і працу. Мужчыны за суседнімі сталамі таксама ўключыліся ў гамонку.
З размовы я зразумеў, што ўсе яны прайшлі праз факультэт журналістыкі, і гэта надало мне ўпэўненасці: я ж іх паслядоўнік!
Час ішоў. Мяняліся тэмы размовы, і я, ужо добра знаёмы з тым, як працуюць журналісты ў газетах, дзівіўся: яны ж нічога не робяць на працы – толькі размаўляюць між сабой ды па тэлефонах. Вось дзіва…
Пазней Анатоль Казлоў мне патлумачыў:
– Я нават і не спрабую штосьці рабіць за сталом на працы: не дадуць людзі і тэлефон. Усё даводзіцца перабіраць дома вечарамі і ноччу. А колькі трэба прачытаць? Паглядзі!
Ён паклаў руку на кіпу папак з творамі. Анатоль Сяргеевіч загадваў аддзелам прозы.
«Напэўна, тут аб’ёмы паболей, чым мой студэнцкі курс рускай літаратуры ХІХ стагоддзя», – падумаў я.
Першая мая нізка вершаў у часопісе «Маладосць» з’явілася ў 1993 годзе. Безумоўна, Віктарам Гардзеем мне быў выдадзены пэўны творчы аванс, бо вершы яму давялося добра-такі падрэдагаваць. І я адзначыў, што ўсе праўкі ёмка карысныя. Тады і зразумеў, што гэта не што іншае, як урок паэтычнай творчасці, якога на факультэце журналістыкі не атрымаеш. Пра маскоўскі літаратурны інстытут у гады развалу ніхто з беларускіх студэнтаў ужо не марыў.
Мой аповед пра стасункі з творчым калектывам часопіса «Маладосць» быў бы няпоўным, калі б я не ўзгадаў пра выезды на рыбалку, якія ініцыяваў Уладзімір Саламаха – чалавек энергічны, актыўны, гаваркі. Па-шафёрску пра яго можна сказаць так: рухавік. Калі паведаміў яму, што эканамічныя ўмовы прымусілі мяне з легкавога таксі перасесці на мікрааўтобус, Уладзімір Пятровіч выгукнуў:
– Гэта ж выдатна! Можна арганізаваць выезд на калектыўную рыбалку.
І мы паехалі. Апроч мяне і Саламахі налавіць па меху рыбы збіраліся Віктар Гардзей, Анатоль Казлоў і вайсковец – сябра Уладзіміра Саламахі, прозвішча якога не памятаю. Па дарозе на Асіповіцкае вадасховішча Саламаха як самы вопытны, дасведчаны рыбак і падарожнік прапанаваў спыніцца каля лесу – нарыхтаваць дроў з паваленых сухіх дрэў.
– А што там, ля возера, дрэў няма? – спытаўся Гардзей.
– Ёсць. Але ўсё сухое там даўно павысякалі, – адказаў Уладзімір Пятровіч.
Як мурашы, мы цягнулі з лесу ладныя лясіны і запіхвалі іх