Гэта і была вясна.
А потым пачалася падземная вайна. Сапёры-карані вялі падкопы, каб захапіць абшар для жыцця.
I аднойчы выбухнуў мільёнамі салатных пупышак Цвярскі бульвар. Нават тут, у гэтай цёмнай аўдыторыі, Андрэй адчуваў, як за парцьерамі, што завесілі вокны, сваволіць і бяжыць між дрэў, уздымаючы лёгкі зялёны пылок, гарэзлівы вецер.
Вельмі хацелася кудысьці ў пушчу, дзе блакітам сінеюць беларускія пралескі, дзе ў нетрах такуюць цецерукі. Сядзенне ў аўдыторыі было б зусім нясцерпным, каб не Яніс, які соп поруч, з некаторым здзіўленнем разглядаючы «Данаю» Рэмбранта, ды не мяккі грудны голас, які гучаў у цемры.
Пасля таго, аб чым ён даведаўся ў маці, Андрэю было неяк асабліва добра слухаць гэты голас. I зусім не хацелася ні аб чым пытаць Гораву – а раптам яна нічога не ведае, а раптам гэта толькі супадзенне. Няхай сабе нічога не ведае.
Яна зусім не падабалася яму як жанчына. Але аднойчы ён на хвіліну даў сабе волю і спытаў, а што б ён, Андрэй, адчуў, каб яна знікла. I шчыра адказаў сам сабе, што гэта было б дрэн на. Неўпрыкмет ён проста прызвычаіўся, што кожны тыдзень будзе бачыць яе, чуць яе голас, сачыць за ходам яе думкі, смяяцца з яе жартаў.
Ён разумеў, што яе лекцыі не проста лекцыі, што гэта яшчэ і нейкі новы, пакуль мала зразумелы для яго, погляд на жыццё, на яго колеры і гукі, на чалавечыя пачуцці, на мастака і мастацтва.
I яму зусім не хацелася згубіць гэтую крыніцу. Ён ведаў, што кожнага чалавека, які сустрэўся з табою па дарозе і ідзе ў той самы бок, што і ты, – трэба вельмі-вельмі берагчы і не губляць з вачэй.
– Ты аб чым задумаўся, – штурхнуў яго Яніс і пажартаваў:– Слухай, пра генія размова ідзе. Пра цябе.
– Цiпун табе на язык, – шапнуў Андрэй, – я пакуль мошчамi быць не збiраюся.
Голас у цемры стаў іранічным:
– Зноў магутна прадстаўленая Беларусь размовы вядзе?
– Прабачце, – сказаў Андрэй, – Янiс кажа, што «Цыганка» Халса вельмi падобная на яго жонку.
Адчувальны штуршок пад рэбры:
– Свіння.
– Зайздрошчу, – сказала яна, – і вы, Вайвадс, з самага пачатку лекцыі думаеце пра гэта?
– Ён хлусіць, – забурчаў Яніс, – ён проста сказаў, што не хоча быць геніем.
– Супакойцеся, – сказала яна, – гэта небяспека, здаецца, нікому з вас не пагражае.
– З’еў? – спытаў шэптам Вайвадс.
А голас гучаў зноў. I Андрэй паступова зноў забываў аб вясне, паглыбляючыся ў яго мяккія хвалі.
– Саскія штурхнула Рэмбранта на той шлях, па якім ён пайшоў пасля яе смерці. Да гэтага пералому яго любілі ўсе, ён ледзь спраўляўся з заказамі, у яго было трыццаць вучняў… Але толькі ў апошнія гады жыцця з ёю, а асабліва пасля яе смерці ён зразумеў, што бюргеры хочуць золата і мармуровых калон, хочуць карцін, якія прыемна казычуць нервы, а перад ім другі шлях – выяўленне ўнутранага жыцця чалавека. I на гэтым шляху ён адзін… Прымірэння не было.
Андрэй раптам убачыў, што яна ўзяла нешта з сумачкі, паднесла да вуснаў і глытнула. Потым, пасля паўзы, казала далей голасам, які стаў трохі больш