Леаніды не вернуцца да Зямлі. Уладзімір Караткевіч. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Уладзімір Караткевіч
Издательство: Электронная книгарня
Серия: Збор твораў
Жанр произведения: Литература 20 века
Год издания: 1962
isbn: 978-985-02-1550-5
Скачать книгу
пушыстая, як галінка вярбы з коцікамі.

      Такая ластаўка.

      I ён шырока ўсміхнуўся. Яна ўсміхнулася ў адказ.

      – Што ж гэта наш такi добры знаўца паэзii не ходзiць на лекцыi па мастацтве?

      Грынкевіч пашкроб патыліцу:

      – Ды я думаў, што вы зусім не такая.

      – А якая?

      – Ды я думаў, што вы чытаеце аб уплыве рускага флоту на рост грыбоў,– шчыра прызнаўся ён.

      Яна засмяялася. Грудным, цёплым кантральта.

      – Ну і як цяпер?

      – Цяпер буду хадзіць. Абавязкова.

      – Спадабалася хоць трошкi?

      – Лекцыя з думкай. І з пачуццём.

      – Ну, і то добра. Калі ласка. Рада буду вас бачыць.

      Андрэй выйшаў у калідор. Закурыў. Вось, здаецца, і нічога не адбылося, а адразу неяк лягчэй стала жыць на зямлі. Добра стала жыць.

      Марыя стаяла ля акна і нервова курыла. Калі ён падышоў бліжэй, – скамечыла муштук папяросы, ружовы ад губ, і кінула ў попельніцу.

      – Ты прабач, – сказала яна, не ўздымаючы павек, – я пагарачылася. Вядома, ні з кім ты не быў. Проста я дурное, раўнівае дзяўчо. Не злуйся. Проста я вельмі-вельмі цябе кахаю.

      Андрэй засмяяўся.

      – Чаго там, – сказаў ён, – вядома, глупства. Ну, пакінь злавацца.

      Яму чамусьці хацелася быць вельмі добрым.

      – Мне кожны дзень без цябе – пакута, – сказала яна.

      – Дурнічка, я ў бліжэйшы час табе яшчэ такі сюрпрыз падрыхтую. Так што давядзецца звыкаць.

      – Чаму? – з трывогай спытала яна.

      – Еду дадому, у Востраў. На некалькі дзён.

      – Чаго?

      – Бацька нешта захварэў.

      – Перадай прывітанне, – сказала Марыя.

      Андрэй паглядзеў на сад за акном, увесь белы, пульхны, молада чысты і радасны, і зноў шырока без прычыны ўсміхнуўся.

      Раздзел VI

      Гарбаты вiядук перакiнуўся цераз пуцi ад агнёў станцыi кудысьцi ў цемру. У цемры глуха шапацелi галiны таполяў з рэдкiмi жоўтымi кроплямi агнёў, што заблыталiся ў iх.

      Пасля Масквы ціша здавалася асабліва гучнай, снег – асабліва белым, паветра – асабліва мяккім. На маленькай плошчы за віядукам было пуста. Толькі ў адным акне аўтобуснай станцыі ледзь свяціўся цьмяны агеньчык.

      Было далёка за поўнач, і таксі ўжо не хадзілі.

      Андрэй падумаў хвіліну, ці не вярнуцца на вакзал, каб чакаць раніцы, але потым успомніў, што да горада ўсяго пяць кіламетраў, што начны марозік такі свежы і калючы, што так добра рыпіць пад чаравікамі снег, і вырашыў ісці пешшу.

      Ён ішоў вулкаю прадмесця паўз сонныя дамы ў замрэяных садах і ўсё думаў аб той лёгкасці, якая спадарожнічала яму апошнія два дні перад паездкай.

      Цёмная сцяна сонных хат і садоў толькі зрэдку перарывалася больш светлымі плямамі: асветленым будынкам чыгуначнага клуба, станцыённым упраўленнем – і зноў цягнуліся сады і хаты, хаты і сады.

      Нейкая машына даганяла яго. Андрэй азірнуўся, убачыў будку кузава і падумаў быў, што гэта нейкі рэфрыжэратар. Галасаваць не варта было, і ён спакойна ішоў далей, але машына дагнала яго і спынілася.

      – Сядай.

      Андрэй