Яна сцiхла на хвiлiну. Андрэй дарэмна намагаўся разгледзець яе. Чуў толькi голас, дзiвосны па мяккасцi i глыбiнi. Ды яшчэ, калi яна паказвала нешта на экране, бачыў вузкую руку з доўгiмi, тонкiмi на канцах пальцамi.
Зноў загучаў голас жанчыны:
– У другім стагоддзі Рым захапіў Грэцыю. Скончылася залатое дзяцінства, пачалася пакутлівая сталасць. Захапленне будучыняй, вера ў яе – загінулі. Рым, які спачатку быў падобны на Грэцыю, які верыў у свабоду, скончыўся разам з перамогамі рымлян і патокам золата. Вайна давала багацце. Таму ўся ўстаноўка была на заваяванні, а рэжым Рыма стаў таталітарным рэжымам. Гэта адбілася і на светапоглядзе рымлян. Яны свята верылі ў сваю гістарычную місію, у вайсковае прызванне. Анхіз сказаў: «Няхай іншыя выводзяць мармуровыя абліччы. Прызванне рымлян панаваць і бурыць гарады».
– Ну як? – спытаў Яніс.
– Пакуль нядрэнна. Голас прыемны.
– Фу, – сказаў Яніс.
Голас сапраўды быў вельмі прыемны.
– Дух ваеншчыны абумоўліваў усё. Нават планіроўку гарадоў. Іх зрабілі падобнымі на казармы. Улады ўсялялі рымлянам усведамленне безумоўнай перавагі над усімі народамі, даводзілі, што свет трэба перарабіць на свой капыл.
Ці было гэта духам рымскага народа? Не. Гэта было проста актыўнае, свядомае скарыстанне ўсіх сродкаў ідэалагічнага ўздзеяння на свядомасць людзей. Гэта ўпершыню была прапаганда. Упершыню ў гісторыі ў Рыме адбываюцца народныя сходы з платнымі аратарамі. У пышных урачыстасцях і святах сцвярджаецца ідэя кесарскай улады. Бразганнем зброі імкнуцца адцягнуць народ ад асабістага жыцця.
I народ верыў у гэтыя догмы, бо яны апеліравалі да яго духу, да яго рэспубліканскіх традыцый. Гэта была спекуляцыя на пачуццях народа.
Але якія б ні былі прапаганда і прыгнёт, чалавечая свядомасць развіваецца сваім шляхам… У рымлян ніколі не было такой прысягі, як у грэкаў: змагацца супраць тыраніі заўсёды, нават тады, калі ты адзін супраць усіх. I таму ў грэкаў іронія і сумленне былі толькі ў перыяд элінізму. У рымлян – заўжды. Толькі ў іх удачлівы палкаводзец думае аб тленнасці, толькі ў іх на гулянцы думаюць аб смерці.
Фактычна рымлянін пазбаўлены права голасу. Ён не прыйшоў на форум, а апафеоз Цэзара ўсё адно адбыўся. Рымлянін пакінуты самому сабе. Яму застаецца толькі барацьба за існаванне, напружаная і ўтрапёная.
Яны ўмелі жыць і будаваць. Іхнімі мастамі людзі карыстаюцца і цяпер, іхнія акведукі і дагэтуль даюць ваду. I ў гэтых умовах ідэальнай рэгламентацыі жыцця кожнага чалавека рымлянін быў цалкам адзін. Да Бога яго вёў толькі рытуал. Ды і што гэта былі за багі: бог удачы, бог шчаслівага выпадку. Фактычна яны былі атэісты.
I нават у сваіх камедыях яны адвучыліся ўздымаць вялі кія праблемы. Дробныя пачуццейкі. Дробязнае, вартае жалю, абывацельскае. На тварах статуй, калі яны не афіцыйныя, – самота, разгубленая ўзрушанасць, неўраўнаважанасць.
I поруч з гэтым – аркі, пад якімі не праходзіць войска, якія існуюць толькі для прапаганды. I поруч з гэтым будынкі, якія ўражаюць не высакароднасцю прапорцый, а памерамі. А поруч з гэтым ваўчыха, Этрурыя, адлітая з