– Збірайцеся, – шэптам сказаў ён, – і дзьмухніце на свечку: хай думаюць, што вы спіцё.
Бакоўка адразу агарнулася цемрай. Белы цень твару наблізіўся да вачэй Горава.
– Дапамажыце мне.
У цемры дзве цёплыя рукі абвілі шыю Горава. Падтрымліваючы яе за стан, ён павольна пацягнуў яе на сябе – акенца было вельмі вузкім. Перагнуўшыся назад, ён адчуў, як на яго ключыцы ляглі цвёрдыя жаночыя грудзі. У наступную хвіліну яна стаяла поруч з ім.
– Дайце мне руку, – шэптам сказаў ён, – хадзем. Маленькія цёплыя пальцы праціснуліся ў яго далонь. Гораў, спяшаючыся, павёў яе да берага, спачатку амаль на дыбачках, потым бягом…
– Іван, дзе ты? – шапнуў ён, нахіліўшыся з адхону.
– Тут, – прагучаў у адказ сiпаты голас. Салдат стаяў на невялічкай убітай сцежцы.
– Хутчэй, – сказаў ён, і яны ўсе пабеглі берагам да высокіх зарасцяў лазы.
…Гораў трапіў нагою па калена ў ваду, балюча накалоў руку на сухую і вострую, як косць, лазіну ў гушчары. Іван узяў жанчыну з рук Горава і, занадта гучна шабоўтаючы нагамі па вадзе, панёс яе некуды ў нетры прыдоннай лазы.
– Ёсць, – сказаў ён, вярнуўшыся, – дайце руку. I пацягнуў Горава кудысьцi ў цемру.
Выцяўшыся каленам аб борт чоўна, Гораў пераваліўся ў хісткую пасудзіну.
– Чакайце, – буркнуў Іван, – толькі сцябла схаваю.
– Якое сцябла?
– Ну, тутэйшае слова, латок, на які нерат укладваюць… Хлопцы, як згубім, не пахваляць.
Ён яшчэ з хвіліну шапацеў у лазе, як вялізны бабёр, потым сунуў у руку Горава вясло.
– А другое?
– Гэта вам не катанне на Яўзе… Тут адным абыходзяцца. Вяслуйце ля самага борта, а потым злёгку падайце канец убок і ўгору.
– Дайце я, – сказала жанчына, – ён не ўмее.
– Сілы пашкадуй, дзіцятка, – грубым голасам сказаў Іван. – Да конскіх могілак дзве вярсты… у цемры.
Конскімі могілкамі называлася месца, ля якога стаяла гаўптвахта.
Іван моцным штуршком выкінуў човен з лазы. I адразу – спачатку слаба, потым мацней – пасудзіну пачало гайдаць, а потым кідаць па хвалях.
– Чорт, – сказаў салдат, – наўкос бяры, не стаў бокам да хвалі.
– Нічога не бачу.
Бледная бязгучная маланка якраз у гэту хвiліну залiла няпэўным дрыготкiм святлом абшар Дняпра, пасiвелага ад ярасцi, iмклiвыя грабянцы валоў, далёкi чорны бераг. Вёслы Горава i Iвана ўдарылi па вадзе, ружовай ад святла блiскавiцы.
I адразу гэтая вада стала чарнiльнай, а на людзей цяжка навалiўся змрок. Потым, быццам жадаючы дапамагчы, неба раз-пораз пачало раздзiрацца ўспышкамi святла. Гораў бачыў твар жанчыны, якая з прагай, з чаканнем, зусiм без усведамлення небяспекi, толькi з радасным iмкненнем наперад, да волi, глядзела на другi бераг, якi амаль не наблiжаўся.
Шкарлупінку кідала ў правалы паміж хваль, вецер адкідваў цёмны шаль на жанчыне, як вялізныя імпэтныя крылы.
Кожныя пяць хвілін даводзілася